Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

смутне́ць, ‑ее; незак.

Рабіцца, станавіцца больш смутным. — Быў адзін чалавек, — смутнее голас Канстанціна Міхайлавіча, — ды загінуў недзе ў завейных краях. Лужанін.

сму́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае смутак; маркотны, сумны (пра чалавека). Матрона, смутная, пастаяла трохі, покі не схавалася фігура Івана за выступам яру, куды павярнула дарога, а потым пайшла на свой агарод збіраць зелле. Колас. Хлопцы смутныя: загінуў атаман. Дзяргай. // Які выражае смутак; выкліканы смуткам, журбою. Смутныя вочы. Смутная ўсмешка. // Поўны смутку, журбы. Годзе кіснуць, марнець, Песні смутныя пець, — Ладзіць новую час гаспадарку! Купала. // Бязрадасны, які навявае сум. Блізка, блізка восень, Смутная часіна! Колас. Шэры, смутны, павісаў над полем вечар. Навуменка. У кватэры, дзе ўсё лета панаваў смутны, нежылы парадак, адразу сярдзіта загуў пыласос. Карпаў.

2. Поўны беспарадку; мяцежны. Смутныя часы.

3. Разм. Невыразны, няпэўны. [Астапа] не пакідала смутная трывога. Была яна нейкай глухой, невыразнай. Лынькоў. У Язэпа пацямнела ў вачах. Адразу ж прыгадаліся размовы ў Іванёнкаў — смутныя, няясныя, з недагаворкамі. Асіпенка.

смуці́цца, смучуся, смуцішся, смуціцца; незак.

Тое, што і смуткаваць (у 2 знач.). [Бабка:] — Ну, як жа, паненачка: ён смуціцца будзе, што вы паехалі і не развіталіся з ім. Колас.

сму́шак, ‑шка, м.

Шкурка, знятая з нованароджанага ягняці, а таксама футра са шкурай такога ягняці.

сму́шкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да смушка. Смушкавая авечкагадоўля. Смушкавыя пароды авечак. // Зроблены са смушка. Смушкавая шапка.

смушка́р, ‑а, м.

Кушнер, які займаецца вырабам смушак.

смык, ‑а; мн. смыкі, ‑оў; м.

1. Драўляная палачка з напятым удоўж яе пучком конскіх валасоў, дотыкам якой да струн якога‑н. музычнага інструмента ўтвараюць адпаведныя гукі. Дайце скрыпку мне маю, Дайце мне мой смык! Я зайграю, запяю, Як жыве мужык. Купала. Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас.

2. Уст. Прымітыўная барана. Не толькі на «лядах», але нярэдка і на стараворыўных глебах скарыстоўваўся першабытны смык — прылада, якую рабілі з яловых плашак. «Помнікі».

смы́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да смыка. Смыкавы волас.

смы́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. смыкаць.

смы́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Рабіць сутаргавыя рухі; перасмыквацца. Адна нага ніжэй калена ў Андрэя Лялюгі драўляная. Калі выстругае сабе новую, то ходзіць нішто сабе, мала накульгвае, а як стопча гумавыя набойкі.., дык ягоныя плечы ў хадзе смыкаюцца ўніз — уверх. Б. Стральцоў.

2. Зал. да смыкаць (у 1 знач.).