Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сле́пкі, ‑ая, ‑ае.

Абл. Асляпляльны. У нейкай халоднай самлеласці каціўся над горадам месяц — крамяны, слепкі і поўны. М. Стральцоў.

сле́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. слеп, ‑ла; незак.

Рабіцца сляпым; траціць здольнасць бачыць. Румба слепла, працаваць яна не магла ўжо зусім. Навуменка. [Юстына:] — Пахавала дачок, дый Гарбуна старога. Ой, колькі я выплакала тады, ажно слепнуць стала. Гурскі. // Часова не бачыць (ад дыму, моцнага святла і пад.). Беларусь — мая маці і мова, паветра і хлеб! Гэта ўзважана сэрцам, на нервах расстайных дарог, дзе не раз пад агнём задыхаўся ад дыму і слеп. Вялюгін.

сле́сар, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па ручной апрацоўцы, зборцы і рамонту металічных вырабаў. Слесар-інструментальшчык. Слесар-зборшчык. □ У 1698 годзе англійскі слесар Томас Ньюкомен атрымаў першы патэнт на цеплавую машыну для падняцця вады. «Маладосць».

сле́сарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да слесара. Слесарская праца. □ Дні праз тры прывёз Зусь на рамізніку скрынку са слесарскім інструментам. Мурашка.

сле́сарства, ‑а, н.

Рамяство, занятак слесара.

слесарчу́к, ‑а, м.

Разм. Памочнік або вучань слесара (звычайна недарослы).

слёзавыдзяле́нне, ‑я, н.

Выдзяленне слёз слёзнымі залозамі.

слёзатачы́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць слёзатачывага.

слёзатачы́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які безупынна выдзяляе слёзы. Слёзатачывыя вочы.

2. Які выклікае моцнае выдзяленне слёз. Паліцэйскія пачалі страляць у людзей, ранілі двух чалавек і, крыху адступіўшы, кінулі слёзатачывыя шашкі. Шамякін.

слёзацячэ́нне, ‑я, н.

Павышанае выдзяленне слёз пры розных хваробах або раздражненні вачэй.