Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пластавы́, ‑ая, ‑ое.

Які сустракаецца ў прыродзе ў выглядзе пластоў. Пластавы вугаль.

пластма́са, ‑ы, ж.

Пластычная маса.

пластма́савы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з пластмасы. Пластмасавыя талеркі. Пластмасавы паясок.

пластро́н, ‑а, м.

Моцна накрухмаленая грудзіна мужчынскай верхняй сарочкі, якая надзяваецца пад адкрытую камізэльку да фрака ці смокінга.

[Фр. plastron.]

пласту́н, ‑а, м.

1. Казак асобых пяхотных часцей Чарнаморскага і Кубанскага казачых войск, якія камплектаваліся ў 19 і пачатку 20 ст. з ліку добраахвотнікаў-разведчыкаў, што спецыялізаваліся на старажавой службе ў чаратах і плаўнях Кубані.

2. Разведчык, які рухаецца, перамяшчаецца паўзком. Калі цяпер выйдзе хоць невялічкая затрымка, то разрэдзіцца змрок і немцы могуць заўважыць пластуноў на прагаліне. Кулакоўскі.

пласту́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пластуна. Пластунскім рыўком .. [Шэўчык] адскочыў назад і зноў залёг, падрыхтаваўся страляць. Кулакоўскі.

пласты́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Спец. Пафарбаванае або бясколернае жывое цельца, якое знаходзіцца ў пратаплазме раслінных клетак.

[Грэч. plástides — якія ўтвараюць, ад plastós — вылеплены, аформлены.]

пла́стык 1, ‑у, м.

Тое, што і пластычная маса. Па трываласці некаторыя пластыкі не ўступаюць сталі. «Звязда».

пла́стык 2, ‑а, м.

Мастак, які займаецца пластыкай (у 1 знач.).

пла́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Уменне ствараць мастацкія вобразы ў форме фігур; скульптура. // Творы гэтага мастацтва.

2. Мастацтва рытмічных і грацыёзных рухаў чалавечага цела, блізкіх да танцаў. Пластыка рухаў. □ Сапраўдныя танцы — гэта прыгажосць, пластыка рухаў, гэта песня, выказаная палётам прыгожага чалавечага цела. Навуменка.

[Грэч. plastikē.]

пластыка́т, ‑у, М ‑каце, м.

Від пластычнай масы.