вяры́гі, ‑рыг; адз. няма.
Жалезныя ланцугі, аковы, якія насілі на целе рэлігійныя фанатыкі. // перан. Тое, што скоўвае, робіць цяжкім жыццё, існаванне. О, колькі, Мінск, ты здзекаў перанёс, Пакуль не збыў пакутныя вярыгі. Хведаровіч.
вяры́цельны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які сведчыць пра даручэнне каму‑н. чаго‑н.
•••
Вярыцельная грамата гл. грамата.
вярэ́дзіцца, вярэджуся, вярэдзішся, вярэдзіцца; незак.
Разм.
1. Шкодзіць самому сабе, натруджвацца, надрывацца, што‑н. робячы.
2. Зал. да вярэдзіць.
вярэ́дзіць, вярэджу, вярэдзіш, вярэдзіць; незак., што.
Разм.
1. Шкодзіць што‑н. сабе, натруджваючы, надрываючыся. Вярэдзіць рукі, спіну. // Раздражняць што‑н. балючае. Туравец сеў на траву і, стараючыся не вярэдзіць раненую руку, зняў боты. Мележ.
2. перан. Трывожыць, непакоіць. Ні то радасць сустрэчы, ні то смутак успамінаў — аж распіралі, вярэдзілі сэрца. Сабаленка.
вярэ́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.
Абл. Сплецены з бяросты кошык з накрыўкай. Стары Лявон устаў, ускінуў на плечы вярэньку і падыбаў да лесу. Чарот. Пад вечар.. на вялікі брукаваны двор казармы.. увайшоў невысокі дзядок з берасцянай вярэнькаю за плячыма. Грахоўскі.
вясе́лле, ‑я, н.
1. Абрад шлюбу і ўрачыстасць, святкаванне, звязанае з гэтым. Згуляць вяселле.
2. Шлюбны поезд. Выскаквалі з двароў дзеці, .. крычалі на ўсе галасы: — Вяселле едзе! Лынькоў.
3. Разм. Вясёлае правядзенне часу; гульні, забавы. Прымітыўнае вяселле ціхіх людзей не пералятае сваімі зыкамі далей саламяных стрэх. Чорны. У мірны час людзі не заўважалі імклівай плыні часу. У свабоднай працы, у адпачынку, у вяселлі .. дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.
•••
Залатое вяселле — пяцідзесяцігоддзе сямейнага жыцця.
Сярэбранае вяселле — дваццаціпяцігоддзе сямейнага жыцця.
вясе́льнік, ‑а, м.
Разм. Удзельнік вяселля (у 1, 2 знач.). Другі ўжо дзень шумела цыганскае вяселле. І гэта мужчыны-вясельнікі проста ехалі да ракі. Брыль.
вясе́льніца, ‑ы, ж.
1. Жан. да вясельнік.
2. Абл. Нявеста. Спраўляюцца заручыны Вясельніцы засмучанай З вясёлым жаніхом. Купала.
вясе́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вяселля. Вясельны стол. Вясельныя песні. □ Святочныя і вясельныя дні прайшлі, як у цудоўным сне. Сабаленка.
вясе́нні, ‑яя, ‑яе.
Тое, што і веснавы. Хлынуў цёплы вясенні лівень. Гурскі. На зямлі стаяла цёплая вясенняя ноч. Краўчанка.