вячо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
Разм. Вячэрняя газета. Рыгор купіў свежую.. вячорку. Гартны.
вячо́ркі, ‑рак; адз. няма.
Зборы вясковай моладзі зімовымі або асеннімі вечарамі для сумеснай работы; забавы. Сходзіліся на вячоркі дзяўчаты з прасніцамі і калаўроткамі, а да іх далучаліся хлопцы. Колас. Сялом вясновым гарманіст Ідзе к дзяўчатам на вячоркі. Хадыка.
вячо́рніца, ‑ы, ж.
Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных.
вячы́сты, ‑ая, ‑ае.
Паэт. Векавечны; векавы. Як адзінокія вартавыя, стаялі вячыстыя дубы. Хадкевіч. Дзе Вуса цалуецца з хвалямі Лошы, — Нёман вячысты выходзіць у свет. А. Александровіч.
вячэ́ра, ‑ы, ж.
Спажыванне ежы вечарам. Вячэра цягнулася ў гэты вечар доўга. Чорны. // Сама гэта ежа. Маці збірала на стол познюю вячэру. Кулакоўскі.
вячэ́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Спажываць ежу вечарам. Звечарэла. Сям’я вячэраць села. Корбан.
вячэ́рні, ‑яя, ‑яе.
1. Які мае адносіны да вечара (у 1 знач.). // Які бывае вечарам. Вячэрняе неба. □ За полем ізноў быў лес, які тануў у вячэрнім змроку. Колас. // Які працуе, дзейнічае, выходзіць вечарам. Вячэрні факультэт. Вячэрняя газета.
2. Прызначаны для вечара (у 2 знач.). Вячэрняя сукенка, прычоска.
вячэ́рнік, ‑а, м.
Разм. Навучэнец, студэнт навучальных устаноў, якія працуюць вечарам.
вячэ́рня, ‑і, ж.
Вячэрняя царкоўная служба. Не вельмі ўважны да набажэнства а. Мікалай, асабліва на вячэрнях, калі народу ў царкве мала. Колас.