вянгля́рня, ‑і, ж.
Тое, што і вяндлярня. Ён [Селівон Чабярук] збіў з дошак на агародзе вянглярню і пачаў купляць у сваіх людзей ды ў суседніх вёсках свіней на забой. Пальчэўскі.
вяндлі́на, ‑ы, ж.
Вэнджанае прасоленае мяса, сала. Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю, якую так добра ўмеюць прыгатаўляць на Беларусі. Колас.
вяндлі́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вяндліны. Вяндлінныя вырабы.
вяндля́р, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца вэнджаннем мяса.
вяндля́рны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для вэнджання. Вяндлярная печ.
вяндля́рня, ‑і, ж.
Збудаванне, дзе вэндзяць мяса, сала, рыбу. З канца зімы і да лета пры кожнай хаце дыміцца вяндлярня, і па селішчы стаіць пах вэнджаных каўбас і шынак. Чорны.
вяне́ц, ‑нца, м.
1. Карона, якую трымаюць над галовамі маладых у час вянчання ў царкве. [Вашыновіч:] — Я сам за шафера быў, вянец трымаў. Чорны. // Вянчанне. Малодшая ж [дачка] хітрэйшай, Відаць, была, — махнула ў Кустанай І там сышлася з камбайнерам, Па сэрцу, без вянца. Корбан.
2. Уст. Каштоўны галаўны ўбор, які надзяваўся ў знак высокага звання або асаблівых заслуг. Царскі вянец.
3. чаго, перан. Апошняя, вышэйшая ступень, верх чаго‑н. [Дзянісаў:] — Думка застаецца думкай. Вянцом яе заўсёды з’яўляецца справа. Гамолка. Чалавек — ён цар прыроды. Чалавек — вянец тварэння. Зарыцкі.
4. Радужны круг вакол сонца, месяца, зорак. Мароз на небе ставіць троны, Вянцы на месяц ускладае. Колас.
5. Тое, што і вянок (у 2 знач.). Анупрэй са сваімі сынамі перасыпаў сцены хаты, падняўшы яе на некалькі вянцоў. Бядуля. Бялеюць укопаныя ў зямлю дубовыя слупы вялікай будыніны, у якую пакладзена некалькі вянцоў. Паслядовіч.
•••
Ісці пад вянец гл. ісці.
Стаяць пад вянцом гл. стаяць.
вяне́чны, ‑ая, ‑ае.
Ужываецца ў саставе некаторых анатамічных тэрмінаў. Вянечнае шво. Вянечныя артэрыі.
вяно́зны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вены. Вянозная кроў.