вясе́лле, ‑я, н.
1. Абрад шлюбу і ўрачыстасць, святкаванне, звязанае з гэтым. Згуляць вяселле.
2. Шлюбны поезд. Выскаквалі з двароў дзеці, .. крычалі на ўсе галасы: — Вяселле едзе! Лынькоў.
3. Разм. Вясёлае правядзенне часу; гульні, забавы. Прымітыўнае вяселле ціхіх людзей не пералятае сваімі зыкамі далей саламяных стрэх. Чорны. У мірны час людзі не заўважалі імклівай плыні часу. У свабоднай працы, у адпачынку, у вяселлі .. дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.
•••
Залатое вяселле — пяцідзесяцігоддзе сямейнага жыцця.
Сярэбранае вяселле — дваццаціпяцігоддзе сямейнага жыцця.
вясе́льнік, ‑а, м.
Разм. Удзельнік вяселля (у 1, 2 знач.). Другі ўжо дзень шумела цыганскае вяселле. І гэта мужчыны-вясельнікі проста ехалі да ракі. Брыль.
вясе́льніца, ‑ы, ж.
1. Жан. да вясельнік.
2. Абл. Нявеста. Спраўляюцца заручыны Вясельніцы засмучанай З вясёлым жаніхом. Купала.
вясе́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вяселля. Вясельны стол. Вясельныя песні. □ Святочныя і вясельныя дні прайшлі, як у цудоўным сне. Сабаленка.
вясе́нні, ‑яя, ‑яе.
Тое, што і веснавы. Хлынуў цёплы вясенні лівень. Гурскі. На зямлі стаяла цёплая вясенняя ноч. Краўчанка.
вясёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Шматкаляровая дугападобная палоса на небе, якая ўзнікае ад пераламлення сонечных праменняў у дажджавых кроплях; радуга. А над ракой і сінім лесам, дзе стаяла хмара і ад яе цягнуліся да зямлі блакітныя ніткі косага дажджу, вялізнай размаляванай дугой устала вясёлка. Шамякін.
вясёлкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае колер вясёлкі, шматкаляровы. Вясёлкавы бляск. Вясёлкавыя агні.
вясёлы, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны радасці; жыццярадасны. Вясёлы настрой. Вясёлы характар. □ [Лейтэнант:] — Выключны быў таварыш, вясёлы хлопец, жартаўнік... Васілевіч. // Які перадае весялосць. Вясёлы твар. Вясёлыя вочы.
2. Які выклікае, нараджае весялосць, жыццярадаснасць. Вясёлы спектакль. Вясёлыя песні. □ Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад. Лынькоў. // Светлы, яркі. Вясёлы ранак. □ Поезд хаваўся то пад кронай свежай яркай зелені, то імчаўся паміж вясёлых пералескаў. Васілевіч.
вяско́вец, ‑коўца, м.
Чалавек, які пастаянна жыве ў вёсцы; селянін. Вузкая градка маладога бярэзніку адмяжоўвала панскую зямлю ад зямлі вяскоўцаў. Гартны.
вяско́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да вёскі, уласцівы вёсцы. Вясковая хата. Вясковае жыццё.
2. Які жыве, працуе, дзейнічае ў вёсцы, у сельскай мясцовасці. Вясковы хлопец. Вясковы настаўнік. Вясковы карэспандэнт. □ Сярод вясковага люду аўтарытэт Самабыля, як краўца і слаўнага чалавека, стаіць надзвычайна высока. Колас.