чарны́ш, ‑а, м.
Балотная птушка атрада сеўцападобных. Асабліва багата на Піншчыне кулікоў. Тут прадстаўлены амаль усе асноўныя іх віды — кнігаўкі, турухтаны,.. чарнышы. В. Вольскі.
чарню́шчы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Зусім чорны. За вялікім сталом, які стаяў убаку, за паўквартай гарэлкі сядзеў чарнюшчы бадзяга ў лахманах; на стале ляжаў акраец чэрствага хлеба і хвост селядца, на якім выступіла соль. Гурскі.
чарня́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае цёмныя валасы і смуглы твар; з цёмнымі валасамі. Перад .. [Евай] стаяў незнаёмы чарнявы хлопец з бліскучымі цёмнымі вачыма. Колас. [Лёнік] зняў кепку,.. выцер далонямі мокрыя ад поту скроні, чарнявую галаву, твар. Марціновіч. // Чарнаваты, цёмны (пра валасы); смуглы (пра твар). Чарнявы, з тонкім носам і прыгожымі вусікамі твар лейтэнанта ажывіўся, у вачах мільганулі хітрыя іскрынкі. Мележ. Калі дзяўчына села і паправіла на галаве зблытаныя чарнявыя валасы, Святлана ўбачыла, што гэта — машыністка. Кулакоўскі. / у знач. наз. чарня́вы, ‑ага, м.; чарня́вая, ‑ай, ж. Алёшка ціха сказаў да чарнявага слова, і той пайшоў з хаты. Мікуліч. А там, за вечным ціхім снегам, Які не сходзіць з галавы, Дарожкі-сцежкі, што абегаў, Калі чарнявую лавіў. Семашкевіч.
чаро́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разм. Памянш.-ласк. да чарада; невялікая чарада. Зводдаля паказаліся .. гаспадарчыя будынкі калгаса, а за імі — двайная чародка хат у густой зеляніне палісаднікаў. Краўчанка. У лукавіне ракі паміж кустамі паказалася чародка жанчын. Лобан.
чаро́дны, ‑ая, ‑ае.
Які жыве чародамі, у чарадзе, які збіраецца ў чароды. Чародная рыба. Чародная птушка.
чаро́мха, ‑і, ДМ ‑мсе, ж.
Дрэва ці высокі куст сямейства ружакветных з сабранымі ў гронкі белымі духмянымі кветкамі і чорнымі даўкімі на смак ягадамі. Перад акном у нас расцвітае чаромха. Брыль. // Галінкі гэтай расліны з кветкамі. Букет чаромхі. □ За гэты час чаромха выпіла ваду і пялёсткі асыпаліся. Гроднеў. // зб. Ягады гэтай расліны. Маці цеста тады ўчыніла з вадой, праснакоў нарабіла з чаромхай лясной. Дубоўка.
чаро́мхавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чаромхі, з’яўляецца чаромхай. Пад чаромхавым кустом сядзелі дзяўчынкі і плялі вянкі. Чарнышэвіч. Праз некалькі хвілін Сёмка разам з дзедам пляліся па яру, дзе пахла чаромхавым лісцем. Хомчанка. // Зарослы, засаджаны чаромхай; які складаецца з дрэў, кустоў чаромхі. Чаромхавы гушчар выплыў з цемры нечакана. Савіцкі.
2. Зроблены, прыгатаваны з чаромхі. Чаромхавы кій. Чаромхавае варэнне.
чаро́н, чарана, м.
Абл. Тое, што і чарэнь. Гаспадыня паліла ў печы, чарон награваўся і рабілася горача. Шамякін. Маладзейшыя бавілі час у гаворках, старэйшыя цэлымі днямі грэліся, спалі на чаранах. Мележ.
чаро́пка 1, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Разм. Тое, што і чарапок 1. — Збірайцеся палуднаваць, — сказала маці, выкручваючы цадзілку кату ў чаропку. Дамашэвіч.
чаро́пка 2, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Разм. Тое, што і чарапок 2. У якойсьць краіне — ці ж іх мала? — Жыў-быў кароль... І хоць глуздоў ў яго чаропцы не хапала, Сядзеў на троне, націраў мазоль... Валасевіч.