Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тыфо́ідны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да тыфоіду, выкліканы тыфоідам. Тыфоідная гарачка. // Які выклікае тыфоід. Тыфоідны мікроб.

тыфо́н, ‑а, м.

У грэчаскай міфалогіі — стогаловая агнядышная пачвара.

ты́фус, ‑у, м.

Уст. Тыф.

тыц, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. тыцкаць — тыцнуць і тыцкацца. Я адрэзаў скібку хлеба, укусіў і, замест лыжкі, тыц канец гэтага самага нажа ў страву. Ермаловіч.

ты́цканне, ‑я, м.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тыцкаць — тыцнуць.

ты́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Тое, што і тыкацца ​1. Хлопцы і дзяўчаты тыцкаліся туды-сюды, тапталіся на месцы. Асіпенка. Рыжая карова трэслася з холаду і тыцкалася пысай у мёрзлыя грады. Чорны.

ты́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і тыкаць ​1. Потым ловіць [бацька] вожыка, садзіць да сподачка, тыцкае яго мордачкаю ў малако. Сачанка. Мастак набіраў на пэндзаль фарбы і, як здавалася Веры, без разбору тыцкаў ім у палатно. Асіпенка.

•••

Пальцам (пальцамі) тыцкаць — тое, што і пальцам (пальцамі) паказваць (гл. паказваць).

Тыцкаць нос куды — тое, што і соваць нос куды (гл. соваць).

Тыцкаць пад нос каму — тое, што і соваць пад нос каму (гл. соваць).

Тыцкаць у вочы — тое, што і тыкаць у вочы (гл. тыкаць).

ты́цнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да тыцкаць.

•••

Тыцнуць носам — указаць з мэтай павучання, звычайна ў рэзкай форме.

ты́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Шост, які ставіцца, каб абазначыць дарогу (у полі, на снезе), межы зямельных участкаў і пад. Дваццаць хлопцаў і сем дзяўчат прыйшлі на работу. І работа закіпела адразу. Паставілі дзве высокія тычкі з саламянымі мётламі каля рэчкі Міранкі, вызначылі месца, дзе павінен прайсці канал. Колас. Пакуль што я памагаў дзядзьку Гарасіму: ставіў тычкі на межах дзялянак, падчэсваў іх сякераю зверху і пісаў хімічным карандашом з аднаго і другога боку, каму надзел вызначаецца. Якімовіч.

2. Спец. Паплавок у выглядзе шаста з мяцёлкай або перакладзінай наверсе, які абазначае мель, фарватэр і пад. — Пакупаемся, Галіна Казіміраўна, — прапанаваў Зянон. — Тут жа, мусіць, вельмі глыбока? — Не, не! Вунь аж да тых тычак можна ісці. Сабаленка. // звычайна мн. (ты́чкі, ‑чак). Шост, які выкарыстоўваецца як падпорка для павойных раслін. Вацькоўскі дом: шчыт — узыходзячае сонца, На тычцы ўецца белабровы хмель. Лойка. Халахцей баяўся Мар’і. «Бледны чорт» — было вышэйшай ступенню яе абурэння, і ён хуценька ныраў у тычкі з фасоляй і выбягаў на сцежку за поплавам. Ракітны.

тычкава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. тычкаваць.