Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спакваля́, прысл.

Разм. Паступова, патроху; марудна, павольна. Ноч спакваля ахінала зямлю. Асіпенка. Сучча трашчала, языкасты Касцёр займаўся спакваля. Лойка. Асобныя лісты, пачырванеўшы, абрываюцца і спакваля падаюць на дарогу. Скрыган.

спаклада́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спакладаць.

спаклада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Выдаліць палавыя залозы ў жывёл і чалавека; кастрыраваць.

спако́й, ‑ю, м.

1. Адсутнасць шуму і руху; цішыня. Цішыня і спакой панавалі ў заснежаным лесе. В. Вольскі. Пасля рабочага дня, што заканчваўся звычайна ў гадзіну ночы, наступаў спакой. Шахавец. У перадвячэрнім спакоі рэзка вылучаецца маркотнае курлыканне жораваў. Крапіва. Вазы адскрыпелі ў нізіне І стаў аглушальны спакой. Панчанка. // Парадак; адсутнасць грамадскіх хваляванняў. Грамадскі спакой. // Лагода; мірнае жыццё. Вайна іх разлучыла, Разбіла іх спакой. Бялевіч. І елкі ў неба ўзнялі пікі, Абараняюць наш спакой. Астрэйка. Хто вам сказаў, што на зямлі зацішша, Што на зямлі пасля вайны спакой? Аўрамчык.

2. Ураўнаважанасць, фізічнае і душэўнае супакаенне. Нуда скончылася, уперадзе, зусім блізка была доўгачаканая мэта — канец усіх трывог і час прыемнага спакою. Мележ. // Поўны адпачынак, бяздзеянне. Хвораму, акрамя лекаў, патрэбен яшчэ і спакой. Чарнышэвіч.

•••

Вечны спакой — смерць.

Мёртвы спакой — абсалютная цішыня, нерухомасць.

На спакой — а) на заслужаны адпачынак, на пенсію па ўзросту (ісці, адпраўляцца і пад.); б) паміраць (пара, трэба і пад.).

спако́йна,

1. Прысл. да спакойны.

2. безас. у знач. вык. Ціха. У лесе было спакойна. Якімовіч.

3. безас. у знач. вык. Пра душэўны спакой. На душы ў.. [Аркадзя Цімафеевіча] было спакойна і радасна. Дуброўскі.

4. безас. у знач. вык. Утульна, прыемна. Спакойна будзе тут старому паляўнічаму, — казаў Ігнат. Танк. У будане спакойна мне. Астрэйка.

спако́йнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць спакойнага. Свежасць твару, кругласць шчок, спакойнасць вачэй, зграбнасць стану, сілу — усё тое, што яна з гадамі непрыкметна, паволі траціла на сваёй дарозе жыцця, усё гэта да крупінкі, да крошачкі знаходзіла ў сваіх дзецях. Дамашэвіч.

2. Адсутнасць шуму, спакой, цішыня. Гарадскі шолам, які спаткаў яго на вакзале і праводзіў да Петрусёвай кватэры, змаўкаў. Забірала спакойнасць бяспечнага прытулку. Гартны.

3. Спакойны стан чалавека, адсутнасць хвалявання, трывогі. У маці знікла ранейшая спакойнасць, самавітасць. Асіпенка. Збліжала яго з Быстровым спакойнасць і вытрымка ў баі. Мележ.

спако́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане спакою, нерухомасці; ціхі, бязгучны. Возера ляжала лянівае і спакойнае. Карпаў. Лес стаяў спакойны і нахмураны. Якімовіч. Вада была спакойнай, толькі маленькія хвалькі ад ветру маршчынілі яе паверхню. Краўчанка. // Такі, дзе няма вялікага шуму, руху (пра горад, вуліцу). Спакойны, вясёлы, зялёны — такі Кішынёў. Машара.

2. Які не выяўляе трывогі, хвалявання, знаходзіцца ў стане спакою, не ўзбуджаны (пра чалавека). Аднак чамусьці цяпер наш праваднік быў выключна спакойны. Анісаў. [Пніцкі] ўжо не быў спакойны да самага таго часу, пакуль не дазволілі яму выказацца. Чорны. // Характэрны такому чалавеку; які выяўляе душэўны, унутраны спакой. Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну. Зарэцкі. Дамоў.. [Андрэй] ехаў са спакойнай душой. Шахавец. // Поўны спакою. Неяк адразу пацяплела на сэрцы, з явілася спакойная ўпэўненасць. Лынькоў.

3. Які рэдка выходзіць з сябе, стрыманы, ураўнаважаны (пра чалавека). Спакойны, ураўнаважаны, без лішніх рухаў і жэстаў, настаўнік выклікаў давер’е. «Звязда». Валодзя — хлопец спакойны, малому саступіць. Брыль. // Ціхмяны, які не робіць клопату, не назаляе ўсім навокал. Спакойнае дзіця. Спакойныя суседзі. // Уласцівы такому чалавеку. Мікалай, хоць і пісьменны, але не надта рашучы, таксама не надта бывалы па свеце, ды яшчэ натуру мае спакойную. Чорны. / Пра жывёлу. Маленькая бялявая Аня пачала прыязджаць на спакойным на дзіва кані да кухні па лупіны. Даніленка.

4. Раўнамерны, роўны ў сваім праяўленні, працяканні. Б’е гадзіннік. І сэрца спакойныя ўдары За Крамлёўскай сцяною чуваць у цішы. Куляшоў. Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Мележ. Спакойныя крокі, спакойная, упэўненая гутарка [Веры Ігнатаўны] былі прыемныя Платону. Пестрак.

5. Мірны, не ваенны. Спакойны час.

6. Які адбываецца ў спакоі, нічым не парушаецца, не трывожыцца нікім. Спакойнага сну ў Сяргея не было. Шахавец. [Данілава маці:] Гадавала я вас — гадавала, думала, хоць старасць спакойная будзе. Крапіва. // Які не звязаны з хваляваннямі, турботамі. Яно [шчасце] не можа быць спакойным, яно патрабуе ад чалавека заўсёды болей, чым дае. Шыцік. [Антось:] — Але .. [Сцяпан] камуніст, Марыся, неспакойны ён чалавек, не хоча ён спакойнай работы. Чарнышэвіч. // Прыемны для вока (пра святло). Ласкавае, спакойнае святло абедзеннага сонца залаціла пабурэлыя вершаліны бяроз і клёнаў. М. Ткачоў.

•••

Са спакойным сумленнем гл. сумленне.

Спакойнай ночы — тое, што і дабранач (гл. дабранач).

спако́н,

У выразе: спакон вякоў (веку) гл. век.

спаконве́чны, ‑ая, ‑ае.

Які існуе спакон вякоў, спрадвечны; пастаянны. І гудок пралятаў над, глухім гарадком І ляцеў за раку ў спаконвечныя нетры. Зарыцкі. Вобраз вячэрняй зоркі — гэта ж і ёсць спаконвечны вобраз беларускай народнай песні. Лойка.

спако́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спакоўваць — спакаваць.