сле́дства, ‑а, н.
Высвятленне органамі юстыцыі абставін, звязаных са злачынствам. Весці следства. Знаходзіцца пад следствам. □ Стары цікава расказваў, як яны калісьці арганізоўвалі забастоўкі рабочых Лібава-Роменскай чыгункі, як яго, тады яшчэ маладога чалавека, запраторылі ў астрог і ён прасядзеў аж цэлы год, пакуль вялося следства. Сабаленка. У сцэнах допыту, следства, самога судовага працэсу паэт выявіў сябе бліскучым майстрам сатыры. Навуменка. // зб. Разм. Асобы, якія вядуць судовае расследаванне якой‑н. справы. Назаўтра пасля забойства паручніка знайшлі пасярод дарогі, і следства пачало трэсці кожную хату. Чорны.
сле́дчы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да следства. Следчыя матэрыялы. // Які вядзе следства. Лепшыя работнікі нашых следчых органаў ламалі галовы пад усёй гэтай справай. Чорны.
2. у знач. наз. сле́дчы, ‑ага, м. Службовая асоба, якая вядзе следства. Пятроў некалі быў следчым раённай пракуратуры. Няхай.
сле́дчыцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да следчага. Ты ж, трэба аддаць табе справядлівасць, пытанні ставіў казуістычныя, — хваліць следчыцкі талент Янкі Андрэй. Колас.
слепава́ты, ‑ая, ‑ае.
Са слабым зрокам. Аднаго разу хлопцаў паклікаў бацька Мартысёнкавай Баркі, .. слепаваты Захар. Асіпенка. Углядаецца [Міхайла] ўдаль слепаватымі вачыма. Бядуля.
слепаво́кі, ‑ая, ‑ае.
1. Які дрэнна бачыць, вельмі блізарукі.
2. Аднавокі, сляпы на адно вока.
слепаглуханямы́, ‑ая, ‑ое.
Пазбаўлены зроку, слыху і здольнасці гаварыць.
слепанаро́джаны, ‑ая, ‑ае.
Які нарадзіўся сляпым. Слепанароджаны хлопчык.
слепата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.
Поўная або частковая адсутнасць зроку. Сляпы Гамер быў і, глухі Бетховен... Відушчы, чуйны, кожны б з нас хацеў свой зоркі зрок, свой тонкі слых настроіць па іхняй слепаце і, глухаце... Рудкоўскі. // перан. Няўменне заўважаць, правільна разумець, разбірацца ў чым‑н. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы падсмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці. Мележ. — Марыя Дзям’янаўна, выбачайце за маю такую слепату, някемлівасць, — прамовіў Грушка, — вось сяджу і не бачу, хто сядзіць са мною побач. Пестрак. Мароз выкарыстаў гэту паўзу, каб дакорліва зірнуць на Вячыстага: вось бачыш, да чаго давяла твая палітычная слепата! Лобан.
•••
Колеравая слепата — тое, што і дальтанізм.
Курыная слепата — а) хвароба вачэй, пры якой чалавек не бачыць пры слабым святле, у цемры; б) народная назва некаторых травяністых раслін, кураслеп. Лета ў самым пачатку, і столькі курынай слепаты, што не ступіць нагою, каб не трапіць на краску. Мыслівец.
сле́пкасць, ‑і, ж.
Абл. Уласцівасць слепкага; асляпляльнасць. Неба — напружанае, бясконцае — трымціць пякельнай слепкасцю. Скрыган.