Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

праніка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да пранікнуцца.

праніка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пранікнуць.

прані́клівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць праніклівага. Праніклівасць погляду.

прані́клівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які глыбока і правільна разгадвае, разумее што‑н.; здагадлівы, прадбачлівы. Потым заўсёды праніклівыя і здагадлівыя дзяўчаты нечакана абвясцілі, што Шапятовіч ажаніўся. Шамякін. Праніклівы Ёсіп прадчуваў нешта нядобрае ў адначаснай грубасці і гэтай іранічнай ласкавасці Аніса. Дуброўскі. // Назіральны, пільны, дапытлівы (пра вочы, погляд і пад.). Вочы праніклівыя. Здаецца, яны бачаць навылёт. Сабаленка. Цяжкім праніклівым позіркам Аляксей зірнуў на сержанта і чамусьці паверыў, што ён не падвядзе. Мележ.

2. Вельмі моцны, які быццам пранікае ўнутр. Пераскокваючы з каменя на камень, яшчэ журчалі гаманлівыя талыя раўчукі, сырая зямля абдавала праніклівай стынню. Ракітны.

3. Які змяшчае ў сабе глыбіню пачуццяў, праўдзівы, шчыры. Глыбокім веданнем сялянскага жыцця напоўнены праніклівыя радкі Каліноўскага аб рэкрутах. Лушчыцкі.

пранікне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пранікаць — пранікнуць.

2. Тое, што і пранікнёнасць.

пранікнёнасць, ‑і, ж.

Хвалюючая шчырасць, сардэчнасць, унутраная перакананасць. У беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. Купала з вялікай пранікнёнасцю і глыбінёй паказаў масавае абеззямельванне сялянства. Івашын. — Ты сапраўды вельмі-вельмі добры, Сцяпан! — са шчырай пранікнёнасцю прамовіла Кацярына. Васілёнак.

пранікнёны, ‑ая, ‑ае.

1. Якому ўласціва пранікнёнасць. — Толькі дайце дажыць у здароўі, — ужо зусім недарэчы фатальна закончыла няскладную, але пранікнёную прамову Волька. Васілевіч. У свой час, у бытнасць Шчакаціхіна студэнтам, новы выкладчык Сідараў прынёс у аўдыторыю непадкупную і пранікнёную адданасць самаму масаваму і надзённаму віду мастацтва — графіцы. Ліс.

2. Праніклівы, пільны, уважлівы. — Адкуль вы, таварыш? — Чалавек уважліва паглядзеў на мяне пранікнёнымі вачыма. П. Ткачоў.

прані́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Напоўніцца, ахапіцца якім‑н. пачуццём, думкай і пад. [Волька] праніклася жалем да сяброўкі, да яе цяжкага лёсу сіраціны. Ваданосаў.

прані́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Прайсці, трапіць куды‑н. праз што‑н. Вільгаць усё ж такі пранікла ў сярэдзіну гільзы, і лісцікі запісной кніжкі пасклейваліся, літары расплыліся. Зуб. Прамень сонца пранік у вагон. Васілевіч. // Прабрацца, пралезці, пракрасціся куды‑н. Жэрдкай мы ўдвух падсадзілі свайго сябра ўгару, той праз ніжняе акно пранік у вятрак і апусціў уніз крыло. Аўрамчык. Пранікнуць у гэтую кватэру было немагчыма, бо каля пад’езда ўдзень і ўначы стаяла паліцэйская варта. Машара. // перан. Запасці, пракрасціся (у душу, сэрца, думкі і інш.). Словы праніклі ў душу. □ Моўчкі ўскінула вочы, І замёр я на міг: Сумны позірк дзявочы Мне ў сэрца пранік. Гілевіч.

2. Пераадольваючы цяжкасці, прайсці, дабрацца куды‑н. Пранікнуць у глыбіню пустыні. Пранікнуць у космас.

3. Стаць вядомым ці даступным многім; распаўсюдзіцца. Ідэі камунізма праніклі ў масы.

4. перан. Зразумець сэнс, сутнасць чаго‑н., разабрацца ў чым‑н. Пранікнуць у псіхалогію чалавека. □ Мастак, які свядома імкнецца пранікнуць у дыялектыку і логіку сапраўдных фактаў, мае магчымасць найбольш поўна і глыбока раскрыць сутнасць жыццёвых з’яў. «Маладосць».

прано́злівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пранозлівага.