прані́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Прайсці, трапіць куды‑н. праз што‑н. Вільгаць усё ж такі пранікла ў сярэдзіну гільзы, і лісцікі запісной кніжкі пасклейваліся, літары расплыліся. Зуб. Прамень сонца пранік у вагон. Васілевіч. // Прабрацца, пралезці, пракрасціся куды‑н. Жэрдкай мы ўдвух падсадзілі свайго сябра ўгару, той праз ніжняе акно пранік у вятрак і апусціў уніз крыло. Аўрамчык. Пранікнуць у гэтую кватэру было немагчыма, бо каля пад’езда ўдзень і ўначы стаяла паліцэйская варта. Машара. // перан. Запасці, пракрасціся (у душу, сэрца, думкі і інш.). Словы праніклі ў душу. □ Моўчкі ўскінула вочы, І замёр я на міг: Сумны позірк дзявочы Мне ў сэрца пранік. Гілевіч.

2. Пераадольваючы цяжкасці, прайсці, дабрацца куды‑н. Пранікнуць у глыбіню пустыні. Пранікнуць у космас.

3. Стаць вядомым ці даступным многім; распаўсюдзіцца. Ідэі камунізма праніклі ў масы.

4. перан. Зразумець сэнс, сутнасць чаго‑н., разабрацца ў чым‑н. Пранікнуць у псіхалогію чалавека. □ Мастак, які свядома імкнецца пранікнуць у дыялектыку і логіку сапраўдных фактаў, мае магчымасць найбольш поўна і глыбока раскрыць сутнасць жыццёвых з’яў. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)