Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цяплу́шачны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да цяплушкі. Доўгі эшалон цяплушачных цялятнікаў падпоўз да .. зборышча чорных рыштункаў. Чорны.

цяплу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Таварны вагон, прыстасаваны для перавозкі людзей. Салдаты выпускаюць з цяплушак зняволеных набраць вады. Лужанін. Мы прайшлі ўздоўж цяплушак, вярнуліся назад і пастукалі ў дзверы самага доўгага вагона. Навуменка.

цяплы́нь, ‑і, ж.

Тое, што і цеплыня. Ад печы ідзе святло і цяплынь. Галавач. Вецер палагаднеў, абяцаючы мяккую цяплынь бабінага лета. Пташнікаў. Чалавечая цяплынь з’явілася на тварах у жанчын. Лынькоў.

цяплю́сенькі, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і цяплюткі.

цяплю́ткі, ‑ая, ‑ае.

Вельмі цёплы. Расстаюся з бацькам Енісеем, Добры ён, прывёў мяне сюды І ў душы цяплюткі жар пасеяў На бязмежжах вечнай мерзлаты. Калачынскі. Ну, як не ўспомніць Чэрвень загарэлы! Дакошвае лугі — знаходзіць гнёзды, Кладзе ў яе [шапку] цяплюткіх птушанят. Барадулін.

цяпля́к, цепляка, м.

Часовае ацепленае памяшканне для правядзення будаўнічых работ у зімовы час.

цяпля́нішча, ‑а, н.

Абл. Вогнішча. Сапраўды, нядаўна гарэлі Тут школьных паходаў кастры. Цяплянішч яшчэ не паспелі Развеяць сухія вятры. Калачынскі. А потым — мір... Зара ў блакіце... І тло цяплянішч на зямлі... І зноў хада па той арбіце, дзе ногі ўпершыню прайшлі. Ляпёшкін.

ця́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

Разм.

1. Аднакр. да цяпаць.

2. Хапіць зубамі; урваць (пра сабаку і пад.). Паслухмяны Кудлік ашчэрыў зубы, цяпнуў калючы клубок і ўмомант, як уджалены, адскочыў назад. Рылько. Наша ўвага была скіравана на тое, каб .. сабака ўпотайкі не цяпнуў нас за калошу. Сташэўскі. // Выпіць спіртнога. [Яраш:] — Трэба нам з табой, Кірыла, хоць спірту па мензурцы цяпнуць за Новы год. Шамякін.

3. Стукнуць, ударыць каго‑н. Цяпнуць па галаве.

•••

Цяпнуць гора — перажыць цяжкія нягоды.

цярні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Калючы; пакрыты шыпамі (пра хмызняк, кусты і пад.).

2. перан. Поўны цяжкасцей, пакут, нягод. Максім слухаў.. [Міколу] з напружанай увагай і ўяўляў сабе цярністы шлях, які за кароткі час давялося прайсці Клінцэвічу. Машара. У маім сэрцы — апавяданне аб цярністых дарогах адважных. Мехаў.

цярно́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цёрну, зроблены з цёрну. Цярновы куст.

•••

Цярновы вянок гл. вянок.