Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

смуглатва́ры, ‑ая, ‑ае.

Са смуглым тварам. І без таго смуглатварая Аляксандра Ніканаўна аж пачарнела. Кірэйчык.

смуглаце́лы, ‑ая, ‑ае.

Са смуглым целам. Смуглацелы хлопчык.

смугле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Рабіцца, станавіцца смуглым або больш смуглым.

сму́глы, ‑ая, ‑ае.

З больш цёмнай афарбоўкай (у параўнанні са звычайным колерам скуры людзей белай расы). Смуглы твар. Смуглыя рукі. Смуглае цела. □ Шчокі смуглыя дзяўчат красуюць без чадры. Броўка. // Са скурай такой афарбоўкі. [Сашка] і быў выліты бацька: чорнагаловы, смуглы, з поўнымі губамі. Ермаловіч.

смугля́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць смуглявага. Смуглявасць скуры. □ Госці паспелі ўжо загарэць у сябе на поўдні, смуглявасць іх твараў асабліва падкрэслівалася белымі майкамі. Шахавец.

смугля́вы, ‑ая, ‑ае.

Злёгку смуглы; смуглаваты. Смуглявы тварык. □ На смуглявую, чыстую, дзявочай свежасці скуру брытву браць трэба было самую вострую. Карпюк. // Які мае такую скуру. І вось выходзіць хлопец статны, Крыху смуглявы, малады, Танкіст і песе[ннік] выдатны, І сам прыгожы, хоць куды. Колас. Мікола сапраўды нагадваў цыгана — такі ён быў чорны, смуглявы. Даніленка.

смугля́к, ‑а, м.

Разм. Смуглы мужчына, хлопец. — Я... я Мікешка .. — А я Смагул, — паспешліва заявіў аб сабе чорнагаловы смугляк. Беразняк. З вуліцы брацік ускоквае, дзесяцігадовы смугляк. Ракітны.

смугля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Смуглая жанчына, дзяўчына. Маленькая, жвавая смуглянка, здавалася, была вельмі рада госцю. Колас.

сму́жны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і засмужаны. І тут .. [Лабановіч] — ужо каторы раз — мімаволі прыгадаў тую пляцоўку, з якой так прыгожа вырысоўваўся ў смужнай далечыні зданнёвы замак. Колас. // Які мае адносіны да смугі. Смужная заслона.

смуро́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Непрыемны, агідны пах. У бочцы было гулка, душна ад пары і нейкага густога смуроду. Самуйлёнак. У бруднай і цеснай майстэрні стаяў страшэнны смурод ад скур і дзёгцю. С. Александровіч. // перан. Пра якую‑н. абстаноўку, асяроддзе, што выклікаюць агіду. [Лабановіч:] — Што прайшло, таго не вернеш, і няма тут чаго каяцца. Добра ўжо і тое, што хоць пачулі смурод местачковага балота... Тфу, паскудства! Колас.

2. Разм. пагард. Пра чалавека. [Зыгмусь:] І давядзі справу да канца так, каб праз некалькі дзён гэты стары смурод узяў цябе замуж. Чорны.