чарнатро́п, ‑у, м.
Спец. У мове паляўнічых — асенні холад да выпадзення снегу.
чарнаце́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Жук падатрада мнагаедных.
чарнашэ́рсны, ‑ая, ‑ае.
У якога чорная шэрсць; з чорнай шэрсцю.
чарне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. чарніць.
чарне́цца, ‑еецца; незак.
Тое, што і чарнець (у 2 знач.). На гарызонце дзесьці чарнелася сцяна .. лесу. Якімовіч.
чарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца чорным, больш чорным. Снягі набраклі талаю вадою І з кожнай хвіляй чэзнуць і чарнеюць. Свірка. Павесілі галовы сланечнікі, не дзярэцца на платы гарбузнік, чарнее бульбянік. Навуменка.
2. Вылучацца сваім колерам (пра што‑н. чорнае). На сцяне чарнелі хамуты і густа пахлі дзёгцем. Чорны. Ложак панура чарнеў сеткаю. Мележ. За акном чарнела асенняя ноч. Грахоўскі.
чарні́ла, ‑а, н.
Водны раствор якога‑н. каляровага рэчыва, што ўжываецца для пісання. Андрэйка ўсунуў ручку ў чарніла, забыўся яе атрэсці і перш-наперш абліў паперу чарнілам. Бядуля. / Разм. Пра віно. [Ткачук:] — А белай няма? Цярпець не магу гэтага чарніла. Быкаў. Грошай пачалі зарабляць да халеры, а які толк: грошы тыя, як дым з коміна, напуста вылятаюць! Адно ў людзей у галаве — абы чарніла набоўтацца! Лецка.
•••
Сімпатычнае чарніла — бясколерная або слаба афарбаваная вадкасць, якая выкарыстоўваецца ў тайнай перапісцы.
Хімічнае чарніла — чарніла фіялетавага колеру.
чарні́ліца, ‑ы, ж.
Невялікая спецыяльная пасудзіна, куды наліваюць чарніла і мачаюць пяро, калі пішуць. У чарніліцы, пакінутая, відаць, у спешцы, стаяла тырчком ручка. Гамолка.