цяпе́р, прысл.
1. Зараз, у гэты момант. — Цяпер [цягнік] паімчыць пад горку.. Ці ўправіліся хаця нашы там? — і ў голасе маладога камандзіра чулася трывога за сваіх, за падрыўнікоў. Лынькоў. — Цяпер улева бярыся, бо там вунь яма, — усміхаецца з берага дзед. Брыль. // На гэты раз. Потым стаў ён нападаць: Гоп аб землю палкай з маху — Людзі ў рогат: «Ха-ха-ха! Ах, каб ты, Хлапец, прапаў: І цяпер вось не папаў». Крапіва. // У час, які ахоплівае нядаўняе мінулае і бліжэйшае будучае; у сучасны момант, які проціпастаўляецца даўнейшым часам. Цяпер паляшук — гаспадар свайго лёсу, смела бярэцца за ператварэнне прыроды, прымушае яе служыць сабе. Краўчанка. І цяпер мне тая музыка, Як жывая, ўспамінаецца. Колас.
2. Ужываецца пры пераходзе да наступнай тэмы гаворкі: далей. [Пніцкі:] — Добра там.. Апанас Сегень кажа, што пра жніво загадзя трэба падбаць. Цяпер пра сябе. Чаму мяне не ўпісалі ў сталярную брыгаду? Чорны.
•••
Не цяпер, дык у чацвер — у бліжэйшым будучым.
цяпе́рака, прысл.
Абл. Цяпер. — Цяперака лета, можна і ў зямлянцы пажыць. Сачанка. — Цяперака, дзядок, будзе добра! — казаў.. [Андрэйка], мацаючы рукамі засланку. Бядуля.
цяпе́рашні, ‑яя, ‑яе.
1. Які існуе цяпер, мае адносіны да сучаснасці. Цяперашнія маркі тэлевізараў. □ [Сухадольскі:] — Папрацавалі нядрэнна. А якія цяжкасці перамаглі! Хіба цяперашнія маладыя ведаюць што-небудзь падобнае? Крапіва. // Які з’яўляецца кім‑, чым‑н., працуе кім‑н. у сучасны момант; такі, які ёсць зараз (у процілегласць таму, што было даўней). Цяперашнія суседзі. □ — А гэта, — Ваўчок кіўнуў на Паходню, — цяперашні парторг эмтээс. Хадкевіч. Прыйшлі аднойчы старшыня сельсавета з сакратаром, а з імі разам Цімох, брыгадзір цяперашні. Адамчык.
2. у знач. наз. цяпе́рашняе, ‑яга, н. Тое, што ёсць, адбываецца зараз, цяпер; падзеі сучаснасці. А мінулае і цяперашняе моцна злучаны паміж сабою. Колас. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі.
•••
Цяперашні час гл. час (у 6 знач.).
цяпле́ць, ‑ее; незак.
1. Станавіцца, рабіцца цёплым, больш цёплым. Ападаў ветравы холад і цяплела надвор’е. Чорны. Як дзьмухне [хлопчык] некалькі разоў на рукі, дык адразу ажываюць пальцы, цяплеюць далоні. Бядуля. // перан. Станавіцца дабрэйшым, лагаднейшым; ласкавець. — Вы бачылі Леніна?.. — Ціха ў хаце. У дзеда цяплеюць і вочы, і сэрца. Арочка. Па меры таго, як .. [Гендарсан] чытаў, твар яго праясняўся, цяплеў і святлеў. Чарнышэвіч. // безас. Пра адчуванне душэўнай цеплыні, ласкавасці, якое агортвае каго‑н. Смяялася .. [Галіна] так залівіста, так прыемна звінеў яе .. галасок, што ў хлопца цяплела на душы. Навуменка. У Паўла цяплела на сэрцы ад Машынага спачування. Гроднеў.
2. безас. Пра наступленне цёплага, больш цёплага надвор’я. Днём хоць і цяплела, аднак тэмпература вышэй чым мінус дваццаць — васемнаццаць не падымалася. Ігнаценка.
цяплі́ца, ‑ы, ж.
Цёплае памяшканне з празрыстым дахам і сценамі для вырошчвання круглы год агародніны, кветак, пладоў і пад. або для зімоўкі паўднёвых раслін. Штучныя крыніцы святла даюць магчымасць вырошчваць гародніну ў цяпліцах узімку. «Беларусь». Пад шклянымі дахамі цяпліц цяпер вырошчваецца шмат буракоў, салаты. «Звязда».
цяплі́цца, цепліцца; незак.
1. Слаба, невялікім полымем гарэць. У гушчары на невялікай палянцы цепліцца з сухога галля касцёр. Няхай. // Слаба свяціцца. У акне Аўдзеевай хаты цепліўся слабы агеньчык лямпы, дзверы былі зачынены. Дуброўскі.
2. перан. Быць, мецца, праяўляцца ў малой, нязначнай ступені (пра жыццё, надзею, пачуццё і пад.). І толькі па стогну .. можна было меркаваць, што ў распластаным целе цепліцца яшчэ жыццё. Якімовіч. І радасць цепліцца ў сэрцы, Што гэтым незабыўным днём Нам шчасце выпала сустрэцца З узнятым сцягам над Крамлём. Танк.
3. Зал. да цяпліць.
цяплі́ць, цяплю, цепліш, цепліць; незак., каго-што.
Абаграваць якое‑н. памяшканне, палячы ў печы або раскладаючы агонь. У пятніцу пасля абеду аканом загадаў цяпліць лазню для мужчын. Чарнышэвіч. // перан. Рабіць мякчэйшым, ласкавым; саграваць (душу, сэрца). Вятрыска па вокнах снегам Хвастаў, замятаў шашу. А тут было ўтульна ад смеху — Таго, што так цепліць душу! Арочка.
цяплі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цяпліцы. Цяплічная гаспадарка. // Вырашчаны ў цяпліцы. Цяплічныя агуркі.
2. перан. Спешчаны, распешчаны; які ахоўваецца кім‑, чым‑н. ад цяжкасцей. Цяплічныя дзеці.
цяпло́, ‑а, н.
1. Тое, што і цеплата (у 1 знач.). Баланс цяпла на Зямлі.
2. Высокая тэмпература чаго‑н.; нагрэтае паветра, якое выходзіць ад гарачага ці нагрэтага прадмета. Цяплом дыхнуў лагодны вецер. Колас. Дзень быў ясны, трохі нават гарачы, ад чыстага асфальту патыхала цяплом. Кулакоўскі. Аляксей усё адчуваў цяпло маленькай Юльчынай рукі. Даніленка.
3. Цёплае надвор’е, цёплая пара года. Стаіць цяпло. □ Пакуль цяпло, то сцены можна было б скідаць. Лобан.
4. Цёплае асяроддзе; цёплае памяшканне. Калі работа была скончана і брыгадзір загадаў бегчы ў цяпло, усе, як гарох, сыпанулі з току па хатах. Савіцкі. [Алесева маці:] — Няхай бы ты на печы, у цяпле вылежаўся. Чорны.
5. Тое, што і цеплыня (у 3 знач.). Праз усё жыццё К. Чорны нёс тое душэўнае цяпло, якое абуджалі ў ім простыя людзі. «Маладосць». І патыхае шчасцем, Цяплом ад тых слядоў. Гатоў да іх прыпасці, Іх цалаваць гатоў. Непачаловіч. Многа вёсен прайшло, Я ж заўжды адчуваю У сваім сэрцы цяпло І любоў к свайму краю. Астрэйка.
6. Абл. Вогнішча, касцёр. Цяпло весела гарэла на высокім беразе Сажа. Кірэенка.