Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

церассядзёлкавы, ‑ая, ‑ае.

Які праходзіць цераз падсядзёлак. Церассядзёлкавы рэмень.

цернаслі́ва, ‑ы, ж.

1. Пладовае дрэва або куст з салодкімі сінявата-чорнымі пладамі, якое з’яўляецца натуральным гібрыдам цёрна і слівы.

2. Плод гэтага дрэва.

це́рні, ‑яў; адз. няма.

1. Уст. і кніжн. Пра калючыя расліны, а таксама калючкі на іх. Сонца ўзыдзе прыгожае, Цемра адхлыне варожая, Церні завянуць калючыя, Раны загоім балючыя. Пушча. — Зірні, — паказаў ёй [Лесі] Мяржынскі. — Усё заглушыў шэры камень: Дубы, непакорныя церні, А кветка прабіла яго. Жычка.

2. перан. Цяжкасці, пакуты, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху чалавека (паэта, мастака, вучонага і пад.). [Ярошка:] — Раз ты такі самакрытычны, то будзь гатовы да ўсяго: да лаўраў і да церняў. Дамашэвіч.

це́рніца, ‑ы, ж.

Прылада, якой труць лён, каноплі. У дварах пылілі церніцы, грызучы перасохлы лён. Чорны. І Андрэй без жалю ламаў і трушчыў церніцай лён, выціраў кастрыцу і клаў у кучу бліскучыя белыя палойкі. Чарнышэвіч.

це́рпкі, ‑ая, ‑ае.

Кіславата-даўкі. Церпкія ягады. Церпкае віно. □ Квас летні, церпкі, падкіслены падгарэлымі хлебнымі скарынкамі, а конаўка медная. Навуменка. Неяк адразу пацяжэлі ад церпкага крывянога соку гронкі каліны. Паслядовіч. — Прысядзь і выпі кубак, брат! Мо’ церпкай здасца гэта брага. Я сам садзіў свой вінаград, Я знаю вартасць спелых ягад. Танк. / Пра пах. Налібока, Налібока... Мімаволі шырыш вока: Цёмна ў засені прытоенай, Церпкім водарам настоенай. Кірэенка. Коля сышоў са сцежкі, наламаў вялізны букет, прыпаў да яго тварам і на поўныя грудзі ўдыхаў церпкі водар. Жычка. Церпкі водар імху казытаў у носе. Пестрак.

церусі́цца, цярусіцца; незак.

Разм. Тое, што і церушыцца. Ціхі іней цярусіцца з белых бяроз. Куляшоў. Тытунь, нібы знарок, церусіцца ў непаслухмяных пальцах. Мележ. На галінах асядалі, разбураліся зоркі сняжынак, і на дол павольна церусіўся снег, рэдкі, лёгкі. Шамякін.

церусі́ць, церушу, цярусіш, цярусіць; незак.

Разм. Тое, што і церушыць. Пачынаў церусіць дробны дожджык. Гартны. Церусіў дробны асенні дожджык, далеч была заслана імгою, дзьмуў пранізлівы халодны вецер. Сачанка. Лета мінула, І ліст пажаўцелы Восень цярусіць на дол. Васілёк.

церушы́цца, цярушыцца; незак.

1. Не густа сыпацца, рассыпацца. Ну і пайшла ж весялуха, аж захісталася Язэпішына хата і скрозь шчыліны ў столі пачала церушыцца кастрыца. Сяркоў. Іголкі на .. [соснах] былі дробныя, растапыраныя; жаўцелі і церушыліся на мох. Пташнікаў.

2. Ісці (пра дробны снег, дождж); імжэць. Снег ужо не падаў, як раней, а церушыўся дробным, калючым пылам. Асіпенка. / у вобразным ужыв. Цярушыцца сцежкай імглістай Сутоннага змроку парча. А. Александровіч.

церушы́ць, церушу, цярушыш, цярушыць; незак.

1. што. Пераціраць, здрабняць што‑н. сухое. Васіліне не трэба было церушыць на далоні каласы і браць зерне на зуб, яна вокам вызначыла ступень спеласці збожжа. Хадкевіч. Васіль узяў жменьку трасты, пачаў церушыць: пасыпалася кастрыца, агаляючы тоўстыя, цемнаватага колеру валокны. Савіцкі.

2. што і чым. Прымушаць што‑н. сыпацца, падаць. Стаяла восень: вецер, пранізлівы і калючы, церушыў пажоўклае лісце бяроз, вольхі, асін, усцілаў гм дарогу. Сіўцоў. [Шыковіч] доўга ўглядаўся ў лісце дуба. У яго гушчары шасталі, церушылі мохам нейкія птушкі. Шамякін.

3. Ісці (пра дробны снег, дождж); імжэць. Неба сеяла цяпло, Цёплы дожджык церушыў. Купала. З шэрага перадранішняга неба церушыў лёгкі сняжок. В. Вольскі. / у вобразным ужыв. На чысты дол Пілы гнуткія цярушаць Пілавіння жоўты дождж. Панчанка.

церушэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. церушыць.