спазне́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які спазніўся са з’яўленнем, узнікненнем; позні. Падышоў аўтобус, забраў іх, гасцей, недзе каля прысад спыніўся, беручы спазнелага пасажыра. Лось. Іван, не справіўшыся з напятымі нервамі і ўзарваны спазнелаю злосцю, ляснуў.. [Джулію] па шчацэ. Быкаў.
спазне́нне, ‑я, н.
Парушэнне тэрміну выканання, здзяйснення чаго‑н., больш позняя яўка каго‑н.; выкананне чаго‑н. у больш позні час. Лабановіч увайшоў у клас з некаторым спазненнем, мяркуючы, што, можа, яшчэ прыйдуць вучні. Колас. [Васю] вось і пра веснавую сяўбу трэба дбаць, каб, хоць і са спазненнем, управіцца з ёю. Мележ.
спазні́цца, спазнюся, спознішся, спозніцца; зак.
1. Прыйсці, прыехаць, з’явіцца пазней, чым трэба. У інстытут Юрка прыйшоў у гуморы, хоць праспаў і спазніўся па першую лекцыю. Карпаў. — Хадзем! — папраўляючы сарафанчык, сказала Святланка. — А то яшчэ спознімся. Васілёнак. Цягнік спазніўся на некалькі гадзін. Барашка. // Паступіць, пачацца са спазненнем. Вясна крыху спазнілася, і народ гамоніць, што, мусіць, за грахі людскія кара гэта. Мурашка. Жніво! Гэтым годам яно спазнілася дзён на восем. Гартны.
2. з чым, з інф. і без дап. Не паспець зрабіць што‑н. своечасова. Спазніцца з сяўбой. □ Настрой створаны, глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца, каб не ахаладзеў запал і рашучасць. Зарэцкі. Старая спазнілася разбудзіць Грыба, калі той збіраўся ў лес лавіць парубшчыкаў. Кучар.
спазня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да спазніцца.
спаі́ць, спаю, споіш, споіць; зак., каго-што.
1. Даць выпіць, выкарыстаць як піццё для каго‑н. Спаіць каню вядро вады.
2. Разм. Напаіць дап’яна. Было вырашана спаіць Кёрынга. Але ён катэгарычна адмовіўся шмат піць. Дзенісевіч.
3. Разм. Прывучыць да пастаяннага п’янства, зрабіць п’яніцам (п’яніцай). — Не паспеў чалавек і асвойтацца, а вы яго ўжо спаіць хочаце. Гаўрылкін.
спай, ‑ю, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. спайваць — спаяць (у 1 знач.) і стан паводле дзеясл. спайвацца — спаяцца (у 1 знач.).
2. Тое, што і спайка (у 2 знач.).
спа́йванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. спайваць — спаяць.
спа́йвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да спаяцца.
2. Зал. да спайваць.
спа́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спаяць.
спа́йка, ‑і, ДМ спайцы; Р мн. спаек; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спайваць — спаяць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. спайвацца — спаяцца. Вось Федзя ўжо ў музычнай школе, Развучвае дыезы ды бемолі, Хаця жадання ў хлопчыка няма. Ён у кішэнях носіць гайкі І марыць аб майстэрстве спайкі, Але дарма. Корбан.
2. Месца спайвання, злучэння частак чаго‑н. Мы саставілі замкнуты ланцуг розных металічных дратоў, і адну спайку награвалі, а другую ахалоджвалі. «Беларусь».
3. перан. Яднанне, калектывізм, цесная сувязь. Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. Разумее настаўнік, што сялянам бракуе грамадскае арганізацыі, спайкі. Навуменка.
4. Від злучэння розных органаў і тканак, а таксама месца гэтага злучэння. Спайка паўшар’яў галаўнога мозга. // Паталагічнае злучэнне тканак у выніку запаленчага працэсу. Утварэнне спаек у страўніку.