Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

планісфе́ра, ‑ы, ж.

Спец. Карта зямной або нябеснай сферы ў выглядзе паўшар’яў. Зямная планісфера.

[Лац. planum — паверхня, плоскасць і spháira — шар.]

планісфе́рны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да планісферы.

пла́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Невялікая падоўжная дошчачка, палоска з дрэва, металу або тканіны. [Брызент] прыціскалі загадзя падрыхтаванымі планкамі, прыбівалі цвікамі. Лупсякоў. Дзед старой рукою настругаў яловых планак. Дубоўка. Набіраем на пруткі 80 пецель, з іх 10 — на планку для гузікаў. «Беларусь».

•••

Ордэнская планка — металічная або іншая палоска, абцягнутая ордэнскай стужкай.

Прыцэльная планка — прыцэльнае прыстасаванне ў некаторых відах зброі.

[Лац. planka.]

пла́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да планкі; планачны.

планкто́н, ‑у, м.

Спец. Сукупнасць найдрабнейшых раслінных і жывёльных арганізмаў, якія жывуць у морах, рэках, азёрах і перамяшчаюцца пераважна сілай цячэння вады. — На станцыі вывучаюцца рыбы і птушкі, вадзяныя расліны, планктон — жывёльны свет тоўшчы вады. В. Вольскі. У моры нават ёсць кіты, якія харчуюцца толькі планктонам. Карпюк.

[Ад грэч. planktós — блукаючы.]

планкто́навы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да планктону, які з’яўляецца планктонам. Планктонавыя арганізмы.

планкто́нны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і планктонавы.

планта́ж, ‑у, м.

Спец. Глыбокая апрацоўка глебы спецыяльнымі плугамі, якая праводзіцца галоўным чынам пры закладцы вінаграднікаў і пладовых садоў.

[Фр. plantage.]

планта́жны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да плантажу. // Які служыць для плантажу.

планта́тар, ‑а, м.

Уладальнік плантацыі (у 1 знач.).