Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

здзіві́цца, здзіўлюся, здзівішся, здзівіцца; зак.

Прыйсці ў здзіўленне, уразіцца незвычайнасцю чаго‑н. Макар уяўляў, як здзівіцца маці, калі ён пастукае ў шыбу. Асіпенка. [Скрыпач] здзівіўся нябачанаму ніколі багаццю. Чорны. // Выказаць сваё здзіўленне словамі. — Ай! — спалохана здзівілася Соня, быццам убачыла Юрку ўпершыню. Карпаў.

здзіві́ць, здзіўлю, здзівіш, здзівіць; зак., каго-што.

Выклікаць здзіўленне, уразіць незвычайнасцю чаго‑н. Дзеда Талаша і Нупрэя здзівіў Панасаў расказ аб яго вызвалены з астрога. Колас. Каля печы стаяла істота, якая сваім выглядам магла здзівіць кожнага. Чорны. Здзівіў і парадаваў Мікалай Андрэевіч калгаснікаў глыбокім веданнем справы. Бялевіч.

здзіма́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. здзімаць.

здзіма́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да здзімаць.

здзіма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да здзьмуць.

здзіра́віцца, ‑віцца; зак.

Стаць дзіравым. Страха здзіравілася. Мех здзіравіўся.

здзіра́віць, ‑раўлю, ‑равіш, ‑равіць; зак., што.

Нарабіць дзірак на чым‑н., у чым‑н. Здзіравіць сцяну кулямі.

здзіра́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Прызначаны для здзірання. Здзіральны інструмент.

здзіра́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па здзіранню чаго‑н. Здзіральшчык бяросты.

здзіра́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да здзіральшчык.