чарнаску́ры, ‑ая, ‑ае.
Які мае цёмную скуру; з цёмнай скурай. Гэта ў пекла загналі яны [каралі] Бедакоў, тых людзей чарнаскурых. Бялевіч.
чарнаслі́ў, ‑сліву, м.
Сушаныя плады слівы пэўнага сорту. Кампот з чарнасліву.
чарнасо́ценец, ‑нца, м.
Гіст. Удзельнік рэакцыйна-манархісцкіх пагромных банд — чорных соцень у царскай Расіі. // Крайні, зацяты рэакцыянер. Ясна было для Андрэя, што ў карчме сядзеў самы сапраўдны чарнасоценец. Пестрак.
чарнасо́ценны, ‑ая, ‑ае.
Гіст. Які мае адносіны да чарнасоценцаў; які складаецца з чарнасоценцаў або крайніх рэакцыянераў. Чарнасоценная арганізацыя. □ На арганізаваных бальшавікамі сходах і мітынгах салдаты выносілі рэвалюцыі пратэсту супраць нацкоўвання чарнасоценным друкам салдат на рабочых. «Весці».
чарнасо́ценства, ‑а, н.
Гіст. Ідэалогія чарнасоценцаў; рэакцыйнасць і шавінізм. Лабановіч стаў за стол і пачаў пісаць невялічкае апавяданне, вельмі памяркоўнае, не было ў ім рэвалюцыйнасці, але не мела яно і нічога агульнага з чарнасоценствам. Колас.
чарнасо́шнік, ‑а, м.
Гіст. Цяглавы селянін, які жыў на чорных землях.
чарнасо́шны, ‑ая, ‑ае.
Гіст. У Расіі ў 14–17 стст. — які жыў на чорных землях; дзяржаўны, цяглавы. Чарнасошны селянін.
чарнаспі́нны, ‑ая, ‑ае.
У якога чорная спіна; з чорнай спінай. Не можа быць, каб не стаяла ва ўпадзіне за гэтым пасівелым жвірком чарнаспінная чарада падустаў. Кірэенка.
чарната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. Чорны, цёмны колер чаго‑н. Ад чарнаты барады матавы твар рэдактара прымае шэрае адценне. Бядуля. Выгінастая рэчка яшчэ цякла звінючай чарнатой у аснежаных берагах. Чорны. // Змрок, цемра. Мы зноў доўга маўчым і зноў, ужо ў глухой чарнаце ночы, Васіліса працягвае свае думкі ўслых. Васілевіч. Мусіць, каб не снег, навокал была б густая чарната, але снег адганяў цемру, бяліў усё. Мележ. // Разм. Бруд, гразь на чым‑н. Мужчынскіх чаравікаў на яе нагах і чарнаты, што неадмыўна ўелася ў маршчынкі і поры на матчыных руках за чатыры апошнія месяцы,.. [дзяцюк] не бачыў... Мехаў.
2. перан. Непрыемныя, агідным думкі, пачуцці. Ад успаміну ў душы [Лёні] .. ажыла з новай сілай уся тая горкая, ганебная чарната, ад якой вось і ў родную хату не хочацца... Брыль. // Бязрадаснасць, змрочнасць; цяжкасці, непрыемнасці. Наіўнасць дзіцяці перад грубай чарнатой жыцця была настолькі трагічна, што няможна было стрымацца ад плачу. Нікановіч. — Няхай гасподзь бог адвядзе ад яе [цёткі] усю чарнату, — сказала маці, павярнуўшыся да мяне. Бажко.