цянёк, ‑ньку, м.
Зацененае, халаднаватае месца; халадок. Ляжала ў цяньку дварняжка і цікавала вачыма за спакойнымі рухамі дзеда. Лынькоў. Сонца пачынае прыпякаць. Але хавацца ад яго куды-небудзь у цянёк не хочацца. Васілёнак. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка, Абодва берагі каторай Лазняк, ракітнік абступалі; Бруіліся ў цяньку іх хвалі. Колас.
цянётнік, ‑а, м.
Павук, які пляце павуціну.
цянётны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да цянётаў.
цянёты, ‑аў; адз. няма.
Паляўнічыя сеткі для лоўлі звяроў і птушак. Нейкія цянёты блытаюцца навокал ног, рвуцца і зноў блытаюцца. Пестрак. // перан. Пра тое, што прыгнятае, перашкаджае свабодна дзейнічаць; пастка. [Сектанты] па-ранейшаму працягвалі лавіць у свае цянёты даверлівых людзей. «Звязда».
цяні́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які дае, утварае цень (пра расліны). Спакойна гамоняць Цяністыя вербы. Хведаровіч.
2. Такі, у якім шмат ценю, багаты ценем. Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас. // Які знаходзіцца ў цяні, заценены. У парку ёсць адна асабліва прыгожая цяністая дарожка. Хомчанка.
цянька́мі, прысл.
Разм. Напрасткі, нацянькі. Калі хлопец зноў ад’язджаў па вучобу, .. [Марылька] вельмі нерашуча .. цянькамі падышла да станцыі. Кулакоўскі. Мо хлопцы з дальняе дарогі ідуць цянькамі да сяліб? Машара.
цяп, выкл.
Разм.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння рэзкіх удараў па чым‑н. цвёрдым (пры сячэнні).
2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. цяпаць —цяпнуць. Цяп за руку.
•••
Цяп-ляп — ужываецца для абазначэння хуткага, але неахайнага выканання работы, справы; абы-як. — Скаргі працоўных павінны разглядацца неадкладна, — безапеляцыйна адрэзаў Шпунцік. — Вядома, вядома, — згадзіўся старшыня, — але разглядаць іх трэба не па прынцыпу цяп-ляп, а на ўсю глыбіню. Корбан.
ця́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Сячы. Чуваць было, як цяпалі сякеры.
цяпе́льца, ‑а, н.
Абл. Невялікі касцёр, вогнішча. [Хлапчук] размясціўся пад дубам і цяпельца сабе раскладае — ужо на восень бралася. Навуменка. — Сядай, дзетка, сядай от сюды, да цяпельца, — запрашаў .. [дзед Дарахвей]. Сабаленка.