Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спружы́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак. і (рэдка) зак.

1. Змяняць (змяніць) сваё становішча пад уздзеяннем якой‑н. сілы і вяртацца (вярнуцца) у ранейшае становішча пасля спынення гэтага ўздзеяння; аказваць (аказаць) супраціўленне ціску. Падводная гаць з жэрдак спружыніць пад нагамі. В. Вольскі. — Эх! — уздыхнуў я і зараз жа вылаяўся, бо галінка, якую адпусціў [той, хто ішоў] наперадзе, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк.

2. Разм. Напружваючы, рабіць (зрабіць) пружыністым, пругкім. Спружыніць мускулы. // Напружыўшыся, адштурхоўвацца (адштурхнуцца). Сашка спружыніў абедзвюма нагамі аб дно і крута пайшоў уверх. Б. Стральцоў.

спружы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да спружына; невялікая спружына. Дзяўчына, што стаяла за прылаўкам, уставіла ў дзірачку на баку мядзведзя ключык і пакруціла спружынку. Даніленка.

спружы́нны, ‑ая, ‑ае.

Які ідзе на выраб спружын. Спружынны дрот. // Які мае спружыны, зроблены на спружынах (пра мэблю). Спружынны матрац. □ Дамы драўляныя, вялікія, на чатыры ды пяць пакояў, з мяккімі спружыннымі канапамі і крэсламі. Русецкі. // Які дзейнічае пры дапамозе спружыны, спружын. Спружынная вага. □ Спружынная жарліца — больш дасканалая і надзейная снасць. Матрунёнак.

спружыно́вы, ‑ая, ‑ае.

Які дзейнічае пры дапамозе спружын. Спружыновая барака.

спружыно́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.

Разм. Барана, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні спружын. [Мацвей:] — Трэба спружыноўку купіць, плугі добрыя, калёсы на жалезным хаду справіць. Лобан.

спрут, ‑а, М спруце, м.

Марская жывёла класа галаваногіх малюскаў з мешкападобным целам і васьмю шчупальцамі; васьміног. Тут жа чарнелі карчы-вываратні з фантастычнымі карэннямі, падобныя да страшных спрутаў. Бядуля. / у перан. ужыв. На Захад, таварыш! На логава спрутаў! Фашысцкая пала мяжа. А. Александровіч.

спруцяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Скарчанелы, застылы. [Чырвонаармеец і дзяўчынка] прайшлі паўз таго немца, і яна бачыла яго, доўгага, спруцянелага. Чорны.

спруцяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Стаць халодным і цвёрдым; скарчанець, застыць (пра труп).

2. Памерці, акалець. Стары з-за крушні злажыўся з пістаноўкі, зараджанай куляй,.. і смальнуў. То немец і спруцянеў. Гурскі.

•••

Каб ты (ён, яна і пад.) спруцянеў — ужываецца як праклён. Голас у Саўкі быў сярдзіты, хрыплы ад кашлю: — Каб ты спруцянеў, каб ты, падла лапавухая. Чорны.

спрыві́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спрывіліць.

спрыві́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

Разм.

1. Вывіхнуцца, звіхнуцца; падвярнуцца. Рука спрывілілася.

2. перан. Зрабіць неасцярожны рух, памыліцца. [Жонка] была стрэлачніцай на станцыі, аднаго разу схібіла, .. спрывілілася, папала пад паравоз і асталася без нагі. Васілёнак.