Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пімы́, ‑оў; адз. пім, піма, м.

У паўночных народаў СССР — футравыя боты, шэрсцю наверх.

[Ненецкае.]

пінгві́н, ‑а, м.

Вялікая марская антарктычная птушка з кароткімі, падобнымі да крылаў ластамі, якая добра плавае, але не лятае.

[Ад лац. pinguis — тлусты, сыты.]

пінгві́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пінгвіна.

пінгвінападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны да пінгвіна, такі, як пінгвін. Пінгвінападобная качка.

пінгвіняня́ і пінгвінянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Птушаня пінгвіна.

пінг-по́нг, ‑а, м.

Спартыўная гульня, пры якой фанернымі ракеткамі перакідваюць цэлулоідныя мячыкі цераз нацягнутую ўпоперак вялікага стала сетку; настольны тэніс.

[Англ. ping-pong.]

піне́ткі, ‑так; адз. пінетка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Лёгкі вываратны абутак на мяккай падэшве для дзяцей, якія яшчэ не ўмеюць хадзіць.

пінжа́к, ‑а, м.

Частка мужчынскага касцюма ў выглядзе курткі з рукавамі, якая спераду зашпільваецца. Юнак дастаў з унутранай кішэні пінжака газету і паклаў на стол. Гарбук. З-пад цёмнага яго пінжака была відаць бялюткая кашуля з бантам-гальштукам. Арабей.

[Англ. pea-jacket.]

пінжа́чнік, ‑а, м.

Разм. Спецыяліст па шыццю пінжакоў.

пінжа́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пінжака.