мотаса́ні, ‑ей; адз. няма.
Невялікі экіпаж на лыжных палазах з матацыклетным рухавіком.
мотафелю́га, ‑і, ДМ ‑люзе, ж.
Невялікае маторнае рыбалоўнае бяспалубнае судна.
[Ад слова мота... і іт. feluca.]
мотача́сць, ‑і, ж.
Матарызаваная воінская часць.
мо́ташлівы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і моташны (у 1 знач.).
мо́ташна, безас. у знач. вык., каму.
1. Млосна, нядобра (пра стан здароўя). Накурыўся так, што моташна стала. □ Зірнуў яшчэ ўніз Мішка і моташна яму стала — нязручна быць лётчыкам без прывычкі. Лынькоў. Калыхаўся [хлопчык], пакуль не рабілася моташна, дамоў прыходзіў з асалавелымі вачыма. Хомчанка.
2. перан. Агідна, прыкра. [Паліна:] — Ды не дрыжы ты ўжо так!.. Глядзець моташна... Новікаў. Часамі абураўся і Уладзік. — Кінь ты, Лазар, цягнуць лазара! Слухаць моташна! Колас.
3. перан. Аб адчуванні тугі, адзіноты. Не варта было пакідаць .. [Зіну] сёння адну. Ёй адно горка і моташна. Васілёнак. — Моташна там на абрыве тарчаць, — уздыхнуў Мірон Патапавіч. — У сяло б перабрацца. Хомчанка.
мо́ташнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць моташнага; непрыемнае адчуванне.
мо́ташны, ‑ая, ‑ае.
1. Ад якога становіцца моташна (у 1, 3 знач.). Моташны пах.
2. перан. Агідны, прыкры. Быў апошні вечар у Адэсе, цягучы і моташны. Мехаў.
мотаэстафе́та, ‑ы, ДМ ‑феце, ж.
Эстафета на матацыклах.
мо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
Заціхаць, замаўкаць. Тым часам сяло моўкла, ноч усё глыбей і цяжэй насядала на зямлю. Колас. У цесных долах Гвадарамы Каторы дзень не моўкне бой. Глебка.
мо́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мовы. Моўныя звароты. Моўная характарыстыка. Моўныя групы.