пралапата́ць, ‑пачу, ‑почаш, ‑поча; зак.
1. Праляцець лапочучы, з шумам. Раптам пралапатаў крыламі нейкі вялізны птах, і мы аж скалануліся ад нечаканасці. Каліна.
2. што. Прагаварыць, сказаць што‑н. хутка, не зусім выразна. — От уліплі, дык уліплі! — пралапатаў адзін з .. [салдат]. Гурскі.
3. Лапатаць некаторы час (гл. лапатаць у 3 знач.).
прале́гчы, ‑ляжа; ‑лягуць; пр. пралёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; зак.
Прайсці, працягнуцца дзе‑н. (пра дарогу, сцежку, граніцу і пад.). Цяпер паміж дрэў праляглі дарожкі, на палянках з’явіліся спартыўныя пляцоўкі. Шыцік. Ды хоць на ўсходзе па лясах пралегла панская граніца, зямля, прыняўшы гэткі прах, ніколі не магла скарыцца. Вялюгін. // З’явіцца, абазначыцца, легчы. Светласці твару надаваў высокі, валікам завіты чуб над ілбом, на якім павуцінкай праляглі маршчынкі. Дуброўскі. І сама яна задумалася, і цень засмучэння пралез на яе маладым і свежым твары. Колас. / у перан. ужыв. [Марыя Андрэеўна] думала аб нечым сваім, і Туравец адчуў, як між іх пралягла нябачная мяжа. Мележ. [Мікалай Аляксеевіч] выразна, да болю адчуваў, што паміж яго ранейшым і цяперашнім жыццём пралегла рэзкая мяжа, і гэтая мяжа пачалася тут, у калгасе. Навуменка.
прале́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пралежаць, праляжаць.
прале́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.
1. Пранікнуць куды‑н. праз які‑н. вузкі праход, адтуліну, шчыліну. Пад ганкам можна пралезці пад насціл, на які выгружаюць з вагонаў багаж, грузы. Лынькоў. На .. губах [мужчыны] бегаў салодзенькі смяшок, сам ён увесь варушыўся, ківаўся, гатовы, здаецца, пралезці ў самую маленькую шчылінку. Колас. // Разм. З цяжкасцямі прабрацца праз што‑н. Снегу намяло столькі, што цяжка пралезці. Жычка.
2. перан. Разм. Прабрацца, трапіць куды‑н., злоўжываючы чыім‑н. давер’ем. Магчыма, у арганізацыю пралезлі людзі, звязаныя з нямецкімі карнікамі. Няхай. // Прыстасаваўшыся і хітруючы, дабіцца выгаднага сацыяльнага становішча, незаконна прасунуцца па службе і інш. І падхалімскае майстэрства яго вяло. Пасля вайны вярнуўся, у Мінск і ў міністэрстве пралез у важныя чыны. Панчанка.
3. Улезці, прасунуцца. Прыадчынены дзверы крыху — Абы толькі пралезла міска. Вязень бачыць чужую руку — Валасатую, пульхную — зблізку. Сіпакоў.
пралепята́ць, ‑лепячу, ‑ляпечаш, ‑ляпеча; зак., што і без дап.
Сказаць што‑н. ціха або неразборліва, невыразна. — Д-дзядзька Сцяпан, — заікаючыся, увесь пабялелы, пралепятаў Косцік. Ляўданскі.
прале́ска, ‑і, ДМ ‑лесцы; Р мн. ‑сак; ж.
Травяністая расліна сямейства казяльцовых з сіне-фіялетавымі кветкамі, якія зацвітаюць адразу пасля раставання снегу. Вясна прыходзіць, у бары Пралескі скрозь цвітуць. Непачаловіч. Красавік — Гэта першыя краскі вясны. Некранутая сінь Танканогай пралескі. Звонак.
пралета́р, ‑а, м.
Уст. Тое, што і пралетарый. [Леўка] выхваляўся, што ён былы пралетар, шахцёр. Сабаленка.
пралета́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да пралетарый (у 1 знач.).
пралета́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пралетарыя, пралетарыяў. Пралетарская рэвалюцыя. Пралетарская партыя. Пралетарская ўлада. □ Справа адбываецца так, што грамадзянская вайна пачалася як спроба сутычкі з імперыялізмам, якая даказала, што імперыялізм згніў абсалютна і што ўзнімаюцца пралетарскія элементы ўнутры кожнай арміі. Ленін. // Уласцівы пралетарыю, пралетарыяту. Пралетарская культура. □ Уласны домік, гарод, садок, дзеці адарвалі яе ад рабочай сям’і. Але ж павінен быў застацца ў жанчыны рабочы, пралетарскі гонар. Асіпенка.