прале́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.

1. Пранікнуць куды‑н. праз які‑н. вузкі праход, адтуліну, шчыліну. Пад ганкам можна пралезці пад насціл, на які выгружаюць з вагонаў багаж, грузы. Лынькоў. На .. губах [мужчыны] бегаў салодзенькі смяшок, сам ён увесь варушыўся, ківаўся, гатовы, здаецца, пралезці ў самую маленькую шчылінку. Колас. // Разм. З цяжкасцямі прабрацца праз што‑н. Снегу намяло столькі, што цяжка пралезці. Жычка.

2. перан. Разм. Прабрацца, трапіць куды‑н., злоўжываючы чыім‑н. давер’ем. Магчыма, у арганізацыю пралезлі людзі, звязаныя з нямецкімі карнікамі. Няхай. // Прыстасаваўшыся і хітруючы, дабіцца выгаднага сацыяльнага становішча, незаконна прасунуцца па службе і інш. І падхалімскае майстэрства яго вяло. Пасля вайны вярнуўся, у Мінск і ў міністэрстве пралез у важныя чыны. Панчанка.

3. Улезці, прасунуцца. Прыадчынены дзверы крыху — Абы толькі пралезла міска. Вязень бачыць чужую руку — Валасатую, пульхную — зблізку. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)