чарнале́ссе, ‑я, н.
Лісцевы лес. Хвойнік паступова перайшоў у чарналессе. Сачанка. Узімку мялі мяцеліцы, і змрочнае чарналессе шумела панура і злосна. Ус.
чарналі́сты, ‑ая, ‑ае.
Які мае чорнае, цёмнае лісце; з чорным, цёмным лісцем. З аднаго боку ад шляху на .. [пустцы] вечна таўклася розная вясковая хатняя жыўнасць, а з другога — слаўся брудны, чарналісты, знітаваны каровінымі сцежкамі нізкарослы алешнік. Ракітны.
чарнама́зы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які мае цёмную скуру, смуглявы. У прыадчыненых дзвярах паказаўся член сельсавета, высокі, хударлявы і чарнамазы. Крапіва. За будкі прывязаны коні, старыя [цыганы] паважна ідуць і кураць, а бойкія, чарнамазыя хлапчукі .. выстаўлялі ручкі і прасілі хлеба. Каваль.
2. Брудны, выпацканы, мурзаты. Ды развеяў настрой чалавеку Качагар, чарнамазы, як чорт... Ён, як прывід, з’явіўся аднекуль, Нахіліўшыся злёгку на борт. Аўрамчык.
чарнамо́рац, ‑рца, м.
Марак чарнаморскага флоту. Марскія да вас караблі прыплывуць, І вам на сяўбе ці на ўборцы Пра белыя ночы — балтыйцы спяюць, Пра сонечны край — чарнаморцы. Русак.
чарнамо́рды, ‑ая, ‑ае.
У якога чорная морда; з чорнай мордай.
чарнамо́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Чорнага мора. Адчуванне, што яна [Валя] часцінка неабсяжнай, вялізнай краіны, дзе адначасова — бушуюць чарнаморскія штормы, на спалавелыя нівы падаюць ціхія дажджы, а над заснежанымі запалярнымі прасторамі яснее зусім не летняе неба... Карпаў.
чарнано́гі, ‑ая, ‑ае.
1. У якога чорныя ногі; з чорнымі нагамі. Чарнаногія птушкі.
2. Разм. З бруднымі, запэцканымі нагамі. Бачыў [Руневіч] і хлопчыка, які ні слова не сказаў, чарнаногі свіны пастушок, толькі глядзеў на дзядзьку-партызана спадылба. Брыль.
чарнапёры, ‑ая, ‑ае.
Які мае чорнае пер’е. А па лугах паходжваюць буслы, Сурдут надзеўшы чарнапёры. Колас.
чарнапло́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае плады чорнага колеру. Чарнаплодная рабіна.
чарнары́знік, ‑а, м.
Уст. Манах. Любілі гуляць вечарамі па шляху і чарнарызнікі, што жылі вось тут, управа, у манастыры. Галавач.