чамбу́р, ‑а, м.
Повад аброці, на якім водзяць або за які прыводзяць верхавога каня.
[Цюрк. čumbur]
чаму́ 1, прысл.
1. пытальнае. З якой прычыны? І мне зноў успомніўся Галас. Чаму ён не згадзіўся ісці са мною праз лес? Колас.
2. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова ў дапаўняльных сказах і адпавядае словам: па якой прычыне. Калі Марыя даведалася, чаму брат адмовіўся ад выгаднага месца, дык залямантавала. С. Александровіч.
3. у знач. злучн. Далучае сказы са значэннем выніку і адпавядае словам: таму, у выніку гэтага. І я ў захапленні, радасны і горды За свой край, народ, Убіраю ў сэрца дзіўныя акорды, Творчай сілы ўзлёт... Вось чаму я сёння не тужу па леце, Па сваёй вясне. Колас. На чым толькі мог [Даніла] ашчаджаўся, не траціў лішняе капейкі.. Вось чаму, калі часам дзеці ці жонка прасілі купіць селядца да бульбы ці алею да шаткаванай капусты, Даніла заўсёды знаходзіў што сказаць. Пальчэўскі.
чаму́ 2,
гл. што 1 (у 1, 8 і 9 знач.).
чаму́сь, прысл.
Разм. Тое, што і чамусьці 1. [Сярго:] Народ абучаны, страляць умее, А поспехаў у вас чамусь няма. Глебка.
чаму́сьці 1, прысл.
Па нейкай прычыне, чагосьці. За акном сціхае горад. Позна. Я ж заснуць чамусьці не магу... Панчанка.
чаму́сьці 2,
гл. штосьці 1.
чаму́-не́будзь 1, прысл.
Па якой-небудзь прычыне.
чаму́-не́будзь 2,
гл. што-небудзь (у 1 знач.).
чамярва́, ‑ы, ж.
Абл. Пра вялікую колькасць дзяцей. — От, чамярва, — быццам жалячыся, ужо гаварыў стары мне. — Ці ты крычы, ці ты прасі іх [дзяцей] — усё роўна ратунку няма. Ракітны.
чамяры́ца, ‑ы, ж.
Травяністая ядавітая лугавая расліна сямейства лілейных, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне. Маці была апранута ў чорны бурнос, доўгі-доўгі, аж да самых пят. Яна дома ніколі гэтага бурноса не апранала, ён ляжаў у куфры, перасыпаны чамярыцаю ад молі. Сабаленка.
чамяры́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чамярыцы, належыць ёй. Чамярычны корань.
чан, ‑а, м.
Вялікая драўляная ці металічная пасудзіна, якая формай нагадвае бак, бочку. Направа, за плотам, узвышалася чырвоная цагляная будыніна без [акон] і дзвярэй. Ля яе ляжалі пад сонцам вялізныя драўляныя чаны. Асіпенка.