спажыва́нне, ‑я, н.
1. Ужыванне ў якасці прадуктаў харчавання і пад. Спажыванне малака і малочных вырабаў.
2. Выкарыстанне чаго‑н. для задавальнення якіх‑н. патрэб. Спажыванне паліва. Тавары народнага спажывання.
спажыва́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да спажываць.
спажыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спажыць.
спажыва́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер ад спажываць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Такі, які толькі спажывае сельскагаспадарчыя прадукты, але не робіць іх, або робіць у недастатковай колькасці (пра раён, вобласць і інш.).
3. Дзеепрысл. незак. ад спажываць.
спажыве́ц, ‑жыўца, м.
1. Асоба або арганізацыя, якія спажываюць што‑н. (прадукты чыёй‑н. вытворчасці, энергію, сыравіну і пад.). [Сцяпан Андрэевіч:] — Хто вам дазволіў распачынаць жыллёвае будаўніцтва? Цяпер будзеце поркацца. А спажывец — чакай шкла. Гурскі. Пакуль што, да пуску лаўсанавага камбіната, найвялікшы ў горадзе спажывец вады — Магілёўскі завод штучнага валакна. «Полымя».
2. Пакупнік. Фірмам патрэбен глядач — спажывец іх тавараў. Філімонаў.
3. перан. Неадабр. Той, хто імкнецца толькі да задавальнення сваіх патрэб. Мяшчанам, спажыўцам, эгаістам мякішавым аўтар супрацьставіць шчырых савецкіх людзей. Рамановіч. Хіба маралі спажыўца І звычкам эгаіста Знаёмы шчырасць пачуцця, Парывы думак чыстых?! Звонак.
спажыве́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да спажыўца. Спажывецкі попыт.
2. Які служыць для задавальнення якіх‑н. патрэб. Спажывецкія тавары. Спажывецкая кааперацыя. □ Тут некалі былі склады раённага спажывецкага саюза. Лынькоў.
3. перан. Характэрны для чалавека, які імкнецца задаволіць толькі ўласныя патрэбы. Адкуль усё-такі ў некаторых падлеткаў спажывецкія адносіны да жыцця? «Маладосць». Стафанковіч выхаваў свайго сына эгаістам, сябелюбцам, чалавекам са спажывецкімі адносінамі да жыцця. Луфераў.
•••
Спажывецкая вартасць гл. вартасць.
спажы́так, ‑тку, м.
1. Тое, што служыць для харчавання, для ежы. Тры сыны былі ў мамы, тры сыны былі ў таты. Разумелі ўжо і самі, што пара шукаць занятак. Бо адкуль бацькі старыя будуць браць для іх спажытак? Дубоўка.
2. перан. Карысць, каштоўнасць. Спажытак ад мастацтва, вядома, не той, што ад матэрыяльных рэчаў, сцвярджае «Апокрыфам» паэт [М. Багдановіч], але гэты спажытак — такая ж рэальная рэч, нібы карысць ад хлеба. Лойка.
3. Карыстанне. Ідучы, [гурткоўцы] падзяліліся на чатыры звяны, каб ужо зусім самастойна абмураваць усе іншыя крынічкі на добры спажытак добрым людзям. Дубоўка.
4. Рэчы, якімі карыстаюцца; маёмасць. Чаго толькі не было на вышках старой клеці, куды гаспадары выкідалі розныя непатрэбныя спажыткі. Якімовіч.
спажы́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спажыць.
спажы́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць спажыўнага (у 1, 2 знач.); пажыўнасць.