во́дгаласкі, ‑аў; адз. водгаласак, ‑ску; м.
Разм. Тое, што і водгалас, водгук (у 1 знач.). Грукат дрывасекаў разлягаецца водгаласкамі па ваколіцы. Бядуля. Водгаласкі вайны чуліся на рэйдзе, дзе стаяў абпалены крэйсер ці браняносец. Лынькоў.
во́дгук, ‑у, м.
1. Адбіццё гуку; водгулле, рэха. Затрашчала галлё — панёсся водгук. Гартны. // Слабы гук, які даносіцца здалёку. З ветрам, што кідаўся зверху,.. даносіліся водгукі нейкіх слоў, крыку. Лынькоў.
2. перан. Спачувальныя адносіны, салідарнасць з чым‑н. Шырокі водгук. □ Я веру, песень маіх кліч бунтарскі Знаходзіць водгук будзе ў сэрцах братніх. Купала. Водгук на чужое гора жыў у.. сэрцы [Ядвісі]. Колас.
3. перан. Тое, што з’яўляецца вынікам чаго‑н., адказам на якія‑н. падзеі, з’явы. Рэвалюцыйныя падзеі знайшлі магутны водгук у дакастрычніцкай беларускай літаратуры. Пшыркоў. Творы [Лынькова, Чорнага, Труса] з явіліся гарачым водгукам на хвалюючыя пытанні свайго часу. Казека.
4. Разм. Тое, што і водзыў (у 1 знач.). Кніга водгукаў. □ Вялікую цікавасць мелі.. [Купалавы] водгукі аб.. паэзіі Адама Міцкевіча. «Полымя».
во́дгулле, ‑я, н.
1. Адбіццё гуку, рэха; водгук (у 1 знач.). Бой яшчэ не скончан. Б’юць гарматы, Аж гудуць ад водгулля лясы. Панчанка. У адным канцы сяла, ад пераезду, спявалі вясковыя дзяўчаты, і водгулле іх аднатоннай песні, адбіваючыся дзесь каля чыгункі, даносілася сюды цэлымі хвалямі мяккіх жалобных гукаў. Колас. Стрэлы пратрашчалі ў ранішнім паветры, водгулле гулка разнесла іх па далёкіх цяснінах. Быкаў.
2. перан. Тое, што і водгук (у 3 знач.). Пятлюк абвінавачваў мяне ў прыхільнасці да ясенінскай «кулацкай паэзіі», якая быццам з’яўляецца водгуллем варожай ідэалогіі ў літаратуры. Сабаленка. Ды будзе пратэз рыпець — як напамін, як водгулле тых бед, што прынесла вайна... Рудкоўскі. // перан. Пачуццё, якое з’яўляецца адказам на што‑н. Даўно ўжо юнацтва мінулася, А ўдзячнасць жыве ў душы, Водгуллем адгукнулася, Прыстала, сказала: пішы. Вітка. Мост павісне лёгка над вадой, у прасторы, гулкаю струной, і крануць яго з разгону колы — сэрца поўна водгуллем вясёлым. Русецкі.
во́ддалек, прысл.
Абл. Воддаль (у 1 знач.). Воддалек, каля дарогі, бабы перагыркваліся з казакамі. Лобан.
во́ддаль,
1. прысл. На некаторай адлегласці. Крыху воддаль працавала група моладзі. Шамякін. Падыходзім да прыгожага вялікага дома, які стаіць воддаль ад вёскі. Бялевіч.
2. прыназ. з Р. Разм. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, пункта і пад., у адносінах да якога вызначаецца месца знаходжання, становішча каго‑, чаго‑н. А воддаль зямлянкі, акопы і дзоты. Тырчаць кулямёты, зеніткі стаяць. Машара.
3. у знач. наз. во́ддаль, ‑і, ж. Далечыня, далеч. Адны з галасоў гучалі слабей, прыглушаныя воддаллю, другія, бліжэйшыя, усё мацней і выразней. В. Вольскі. Скрытыя воддаллю рысы твару несупынна мяняліся, прымаючы разнастайныя міны. Гартны.
во́дзыў, ‑зыву, м.
1. Думка, меркаванне з ацэнкай каго‑, чаго‑н. Несцяровіч быў энергічным. Гэта відаць з водзываў аб ім розных дзеючых асоб у творы. Барсток. // на што. Рэцэнзія. [Гарлахвацкі:] (Узяўшы чарговы канверт, чытае ўслых:) «Аляксандру Пятровічу Чарнавусу...» З Масквы... Мусіць, водзыў на яго працу... Крапіва.
2. Сакрэтнае ўмоўнае слова, якое з’яўляецца адказам па пароль. Сістэма паролей і водзываў.
во́дкуп, ‑у, м.
У дарэвалюцыйнай Расіі — права па спагнанне дзяржаўных падаткаў, якое перадавалася казной прыватным асобам. Аддаць на водкуп. Заняцца водкупам.
во́дліў, ‑ліву, м.
Тое, што і адліў (у 3 знач.). Уваччу яшчэ стаялі высокія сцены,.. чорныя з жаўтаватым водлівам. Чорны.
во́дмель, ‑і, ж.
Мелкае месца каля берага. На пясчанай водмелі ляжалі перакуленыя лодкі. Гамолка.
во́днік, ‑а, м.
Разм. Той, хто працуе на водным транспарце.