во́дгулле, ‑я, н.
1. Адбіццё гуку, рэха; водгук (у 1 знач.). Бой яшчэ не скончан. Б’юць гарматы, Аж гудуць ад водгулля лясы. Панчанка. У адным канцы сяла, ад пераезду, спявалі вясковыя дзяўчаты, і водгулле іх аднатоннай песні, адбіваючыся дзесь каля чыгункі, даносілася сюды цэлымі хвалямі мяккіх жалобных гукаў. Колас. Стрэлы пратрашчалі ў ранішнім паветры, водгулле гулка разнесла іх па далёкіх цяснінах. Быкаў.
2. перан. Тое, што і водгук (у 3 знач.). Пятлюк абвінавачваў мяне ў прыхільнасці да ясенінскай «кулацкай паэзіі», якая быццам з’яўляецца водгуллем варожай ідэалогіі ў літаратуры. Сабаленка. Ды будзе пратэз рыпець — як напамін, як водгулле тых бед, што прынесла вайна... Рудкоўскі. // перан. Пачуццё, якое з’яўляецца адказам на што‑н. Даўно ўжо юнацтва мінулася, А ўдзячнасць жыве ў душы, Водгуллем адгукнулася, Прыстала, сказала: пішы. Вітка. Мост павісне лёгка над вадой, у прасторы, гулкаю струной, і крануць яго з разгону колы — сэрца поўна водгуллем вясёлым. Русецкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)