практыкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак.
1. Прымяняцца ў жыцці, на практыцы. Па княжацкіх маёнтках пачала шырока практыкавацца гадоўля мерынос[ав]ых аве[чак]. Чорны.
2. Займаючыся чым‑н., засвойваць прыёмы якой‑н. справы, набываць практыку ў чым‑н. Практыкаваліся .. [курсанты] ў падрыўной справе. Лынькоў. Навучанне скончылася, настаўнік даў Аксёну аловак і паперу, каб ён сяды-тады практыкаваўся дома. Колас.
практыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
1. што. Прымяняць на справе, на практыцы. Практыкаваць стварэнне комплексных брыгад.
2. Праходзіць практыку (у 4 знач.). Студэнты практыкуюць у клініцы.
3. каго-што. Пастаяннай работай, практыкай развіваць што‑н., прывіваць якія‑н. навыкі. Старыя шпакі, відавочна, практыкавалі маладых у лятанні, каб умацаваць іх крыл[ы] перад дарогай у вырай. Колас.
4. Уст. Займацца ўрачэбнай ці юрыдычнай практыкай.
практыка́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Той, хто праходзіць практыку (у 4 знач.). Гартун, як асістэнт, быў кіраўніком практыкантаў. Дуброўскі. У памяшканні на біялагічнай станцыі, дзе займаюцца практыканты, парна і душна, хаця ўсе вокны расчынены насцеж. В. Вольскі.
практыка́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да практыкант.
практыка́нцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да практыканта. Практыканцкая група. Практыканцкае заданне.
пра́ктыкум, ‑у, м.
Від практычных заняткаў па якому‑н. вучэбнаму прадмету, пераважна ў вышэйшай навучальнай установе. Практыкум па фізіцы. Лабараторны практыкум.
[Ад грэч. praktikos — дзейны.]
практыцы́зм, ‑у, м.
1. Захапленне практычнай дзейнасцю пры недаацэнцы значэння тэорыі.
2. Дзелавы падыход, да чаго‑н., цвярозасць меркаванняў і дзеянняў. — Падлогу трэба памыць халоднай вадой, — сказала дзяўчына і пашкадавала, што няма вядра і анучы. Яраша не здзіўляў яе гаспадарчы практыцызм. Шамякін. // Уменне ўладкоўваць свае справы так, каб атрымаць асабістую выгаду.
практы́чнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць практычнага. Практычнасць тканіны.
2. Дзелавітасць, практычныя адносіны да жыцця. — Фурманку трэба папрасіць, — сказаў Коля Жураўскі. Ён заўсёды вылучаўся сваёй практычнасцю. Курто.
практы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да практыкі (у 1, 2 знач.); звязаны з практыкай, з рэальнымі патрабаваннямі, магчымасцямі. Практычныя вывады. Практычная дзейнасць. Практычная дапамога. □ [Зёлкін:] Папярэдняе азнаямленне з Вашай працай дае нам падставу заявіць, што яна мае не толькі навуковае, але і глыбокае практычнае значэнне. Крапіва.
2. Які займаецца непасрэдна якой‑н. справай, непасрэдна кіруе кім‑, чым‑н. Практычнае кіраўніцтва.
3. Які з’яўляецца прымяненнем ведаў, навыкаў на практыцы. Практычныя заняткі. Практычнае навучанне.
4. Звязаны з прымяненнем на практыцы (якой‑н. галіны навукі, ведаў і пад.). Практычная астраномія. Практычная механіка. Практычны курс англійскай мовы.
5. Які добра разбіраецца ў жыццёвых справах; дзелавіты, вопытны. Саханюк быў чалавек практычнага складу. Колас. [Багуцкі:] — Як ты сумяшчаеш свае абавязкі дыспетчара са сваёй.. крыху паэтычнай, мітуслівай, ва ўсякім разе далёка не практычнай натурай? Лынькоў.
6. Выгадны, зручны ў справе; эканомны. Практычны метад. Практычны колер.
праку́да, ‑ы, м. і ж.
Разм.
1. ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай (‑аю), ж. Ахвотнік (ахвотніца) да свавольстваў, розных штук; гарэза. Раса... Віры... Туману сырадой. Клююць яршы — падводныя пракуды. Калачынскі.
2. ж. Праява; навала. Але тут пачалі наўкруга прападаць коні ў людзей. То з начлегу не вернецца, то з хлява згіне — што за пракуда? Скрыган.