практы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да практыкі (у 1, 2 знач.); звязаны з практыкай, з рэальнымі патрабаваннямі, магчымасцямі. Практычныя вывады. Практычная дзейнасць. Практычная дапамога. □ [Зёлкін:] Папярэдняе азнаямленне з Вашай працай дае нам падставу заявіць, што яна мае не толькі навуковае, але і глыбокае практычнае значэнне. Крапіва.
2. Які займаецца непасрэдна якой‑н. справай, непасрэдна кіруе кім‑, чым‑н. Практычнае кіраўніцтва.
3. Які з’яўляецца прымяненнем ведаў, навыкаў на практыцы. Практычныя заняткі. Практычнае навучанне.
4. Звязаны з прымяненнем на практыцы (якой‑н. галіны навукі, ведаў і пад.). Практычная астраномія. Практычная механіка. Практычны курс англійскай мовы.
5. Які добра разбіраецца ў жыццёвых справах; дзелавіты, вопытны. Саханюк быў чалавек практычнага складу. Колас. [Багуцкі:] — Як ты сумяшчаеш свае абавязкі дыспетчара са сваёй.. крыху паэтычнай, мітуслівай, ва ўсякім разе далёка не практычнай натурай? Лынькоў.
6. Выгадны, зручны ў справе; эканомны. Практычны метад. Практычны колер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)