со́рус, ‑а, м.
Спец. Сукупнасць кучна размешчаных спарангіяў на лісцях папараці і некаторых водарасцей.
[Ад грэч. sōros — куча, мноства.]
сос 1, выкл.
Міжнародны радыёсігнал аб бедстве суднаў ці самалётаў.
[SOS — бесперапыннае паўтарэнне трох кароткіх і трох доўгіх сігналаў па азбуцы Морзе, пераасэнсаванае ў англійскі выраз Save Our Souls — ратуйце нашы душы.]
сос 2, ‑у, м.
Разм. Нікацінавая смала, якая застаецца пасля курэння ў цыбуку люлькі. — Гэта, брат, не так лёгка, — выступіў стары Сёмка, краснабай і заядлы курэц. Ён так прапах сосам, што яго можна было за паўвярсты носам знюхаць. Колас.
со́сачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да соскі.
со́ска, ‑і, ДМ со́сцы; Р мн. ‑сак; ж.
Тое, з чаго або тое, што даюць ссаць дзіцяці (трубка з гумы ў выглядзе саска). Плача ў калысцы з соскай пустой дзіця. Танк. — Біць вас трэба, такіх матак. Дзіця галоднае, а яна сядзіць і чырванее, як дзяўчынка. Пара ўжо кінуць саромецца, мілая мая. Соску трэба .. Дзе соска? Няма? Эх, ты! — завіхалася спрытная мачыха. Шамякін.
соскападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны на сасок, соску. Соскападобны адростак скроневай косці.
со́слепу, прысл.
Па слепаце; нічога не бачачы. Гэта ж ён [Базылькевіч] сослепу прывітаўся са сваім белым канём, назваўшы яго імем любімай жанчыны. Лужанін. Ну, часам здараецца з чалавекам, што ён як сослепу не туды падасца. Але ж потым ён, агледзіцца і вернецца назад. Сабаленка.
со́смеху, прысл.
Ад вялікага смеху; нястрымна смеючыся. Хлопцы і дзяўчаты паміраюць сосмеху. Васілевіч.
со́снік, ‑у, м.
Абл. Сасоннік. Соснік, смольны і высокі, Падарожніка схаваў. Броўка. За соснікам пачынаецца імшара — высокі верас па пояс і багун. Пташнікаў.
со́тавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сотаў; які знаходзіцца ў сотах. Сотавы мёд. // Прызначаны для сотаў. Сотавая рамка.
2. Спец. Тое, што і сотападобны. Сотавая цэгла.
сотападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Па сваёй будове такі, як соты 1. Сотападобная абмотка шпулі.