світа́нне, ‑я, н.
1. Час перад усходам сонца, калі пачынае віднець; самы пачатак раніцы. На світанні, на зары У зялёным гушчары, Дзе мох сцелецца рабы, Паспрачаліся грыбы. Танк. Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі. Лынькоў. // Стан паводле знач. дзеясл. світаць. Світанне доўга не магло адолець змроку. Мележ. Над поплавам цадзілася, распаўзалася світанне. М. Ткачоў.
2. перан. Пачатак, ранні перыяд чаго‑н. А перамогі незабыўны час айчыне даў цудоўнае світанне. Дубоўка. Даўно мінула маё світанне. Мінае мой поўдзень, мінае мой дзень. Вярцінскі.
світа́ць, ‑ае; незак.
1. безас. Пачынаць развіднівацца (аб прыбліжэнні ўсходу сонца). Як толькі пачало світаць, хлопец і папоўз да.. [разведчыкаў] на наглядальны пункт. Няхай. Позна світала і рана змяркалася. Можа таму і настрой у некаторых [будаўнікоў] быў пахмуры, як гэтыя шэрыя снежаньскія дні. Грахоўскі. [Палажка:] — Не рана. Месяц ужо зайшоў, пачынае світаць. Лобан.
2. Пачынацца, наступаць (пра дзень). [Наталля Пятроўна:] Глядзі, і новы дзень світае, А ты [муж] не можаш разагнаць тугу... Бачыла. І ноч прайшла, світае дзень. Колас. // перан. Праясняцца, станавіцца зразумелым. Світаць у думках пачало: Нашчадкі ўдзячныя ацэняць І шчодра лаўрамі аценяць Яго халоднае чало. Барадулін.
сві́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Тое, што і світа 3. Амелька адхіліў крысо світкі і падаў Тэклі гладышык светлага мёду. Краўчанка.
сві́тэр, ‑а, м.
Цёплая вязаная фуфайка без засцежак з высокім каўняром. Сярод канькабежцаў Клару.. [Слава] пазнаў па чырвонай шапачцы і чырвонаму світэру. Хомчанка. Адзін світэр з белым аленем чаго варты! Грамовіч.
[Англ. sweater.]
свіце́цца, свіціцца; незак.
1. Віднецца праз што‑н., быць бачным. У канцы гарода.. [Арцём] убачыў радок крывых алешын, за якімі свіціўся зялёны лужок. Ракітны.
2. Будучы вельмі рэдкім, прапускаць праз сябе святло. Цяпер на Гэльцы была не тая спадніца, зношаная, рэдзенькая, што ўся свіцілася, у якой яна ганяла ў поле, а новая паркалёвая сукенка ў вялікія чырвоныя кветкі. Адамчык.
3. перан. Адлюстроўваць якія‑н. пачуцці, хваляванні (пра твар, вочы, знешні выгляд чалавека). Наўмыснікаў твар свіціўся ўсімі адценнямі радасці. Чорны.
сві́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да світы 1 (у 2 знач.). Свіцкі генерал.
свішч, ‑а, м.
1. Загана ў чым‑н. у выглядзе дзіркі, шчыліны, сітавіны. Свішч у драўніне. Свішч у арэху. // Скрытая пустата, ракавіна ў металічным ліцці. — Такім чынам, у стыках ні аднаго свішча не было, — заключыў Сухоцкі. Гроднеў.
2. Глыбокая гнойная язва ў тканках, органах цела; фістула. На месцы раны ўтварыўся свішч. Кішэчны свішч.
свішчава́ты, ‑ая, ‑ае.
Са свішчом (свішчамі) (у 1 знач.). Свішчаваты арэх.
сві́шчавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да свішча.