пілі́паўка, ‑і, ДМ ‑паўцы, ж.
Уст. Пост перад калядамі. Калядныя куцці, як вядома, дзве: адна посная, другая — скаромная, або багатая. Посная куцця.. спраўлялася ў канцы піліпаўкі, перад самымі калядамі. Якімовіч. // Адпаведны час перад калядамі. На купалле там птушка садзіцца, пяе, У піліпаўку воўк нема вые. Купала. «Ваўкі нападаюць на чалавека, калі гуляюць сваё вяселле. А цяпер жа не піліпаўка, павінны збаяцца чалавека», — стараўся разважаць спакойна Сяргей. Шахавец.
пі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Маленькая ручная піла. Крыху далей шастала пілка і адлічваліся гулкія ўдары сякер. Гартны.
піло́вачны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Прызначаны для распілоўкі. Піловачная драўніна. Піловачны матэрыял.
піло́н, ‑а, м.
Масіўная, часцей за ўсё прамавугольная калона, якая падтрымлівае аркі, скляпенні, афармляе па баках уваходы ў паркі, на масты і пад. З таго боку, дзе быў парадны пад’езд, яшчэ захаваліся чатыры пілоны з закручанымі капітэлямі. Чыгрынаў.
[Грэч. pylōn — вароты.]
піло́т, ‑а, М ‑лоце, м.
Той, хто водзіць самалёты або іншыя лятальныя апараты; лётчык. Плыве самалёт над зямлёй,.. І з тысячам мараў і дум На дол паглядае пілот. Броўка. Вядзе пілот над намі самалёт І радуецца працы нашай шчыра. Панчанка.
[Фр. pilote.]
піло́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Летні ваенны форменны галаўны ўбор, які першапачаткова насілі толькі пілоты. Быў гэты чалавек у выцвілай гімнасцёрцы і пілотцы. Хомчанка.
піло́т-аэрана́ўт, пілота-аэранаўта, М пілоце-аэранаўце, м.
Пілот, які лятае на паветраных шарах.
піло́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пілаваць.
2. зб. Разм. Піламатэрыялы. Сеўшы на тоўстую сасновую пілоўку, дзед набраў прыгаршчы жоўтых апілак. Рылько.
піло́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пілота. Пятрусь вылез з пілоцкай кабіны крыху збянтэжаны — ён не чакаў, што яго будзе сустракаць усё сяло. Краўчанка.
піль, выкл.
Загад сабаку кінуцца на дзічыну. Так Воўк у «Гуманіста» гадаваўся... Калі ж спусцілі з ланцуга І закрычалі: — Піль! Цюга! Каб за суседа ён узяўся, А Воўк, бы ашалелы сатана, Наскочыў на... Апекуна... Валасевіч.
[Фр. pille.]