Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

планаме́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць планамернага. Планамернасць развіцця вытворчасці.

планаме́рны, ‑ая, ‑ае.

Які ажыццяўляецца па загадзя намечанаму плану.

пла́начны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да планкі.

планерадро́м, ‑а, м.

Пляцоўка для ўзлёту і пасадкі планёраў.

[Ад слова планёр і грэч. dromos — месца для бегу.]

планеры́зм, ‑у, м.

Умельства лятаць на планёрах; занятак планёрным спортам.

планеры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Пілот на планёры.

планеры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да планерыст.

плане́т, ‑а, М ‑неце, м.

Ручны або конны культыватар для апрацоўкі міжраддзяў агародных і іншых культур.

[Ад фр. planette.]

плане́та, ‑ы, ДМ ‑неце, ж.

1. Нябеснае цела, якое верціцца вакол Сонца і свеціцца адбітым сонечным святлом. Людзі шушукаліся, глядзелі на машыніста з такой зацікаўленасцю, нібы ён сапраўды істота іншай планеты. Бядуля. // Кніжн. Зямля, зямны шар. І «Аўрора», агнём скалонуўшы планету, аддавала салют маладосці сусвету. А. Вольскі.

2. перан. Разм. уст. Тое, што і планіда (у 1 знач.). [Сцяпан:] — Можа, у мяне планета такая. Асіпенка.

[Лац. planeta.]

планеталёт, ‑а, М ‑лёце, м.

Касмічны карабель для міжпланетных палётаў.