Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

губерна́тар

(лац. gubernator = правіцель)

начальнік асноўнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, напр. губерні ў Расіі да 1917 г., штата ў ЗША, вобласці ў Расійскай Федэрацыі.

гудро́н

(фр. goudron)

чорная смалістая маса, астатак ад перагонкі нафты; выкарыстоўваецца ў будаўніцтве і пры рамонце дарог.

гумані́зм

(фр. humanisme, ад лац. humanus = чалавечны)

1) чалавечнасць у грамадскай дзейнасці, у адносінах да людзей;

2) прагрэсіўны рух эпохі Адраджэння ў імя вызвалення асобы чалавека ад ідэйнага застою часоў феадалізму і каталіцызму.

гуманіта́рны

(ад лац. humanitas = чалавечая прырода, адукаванасць)

1) які адносіцца да асобы чалавека, да яго правоў і інтарэсаў (напр. г-ая дапамога);

2) звязаны з грамадскімі навукамі, якія вывучаюць культуру і гісторыю чалавецтва, у адрозненне ад прыродазнаўчых і тэхнічных навук (напр. г-ая адукацыя).

гума́нны

(лац. humanus)

чулы, дабрачынны, чалавечны, прасякнуты павагай да людзей (напр. г-ыя адносіны).

гумано́ід

(англ. humanoide, ад лац. humanus = чалавечы + гр. eidos = выгляд)

гіпатэтычная чалавекападобная істота, якая жыве на Зямлі або іншых планетах.

гу́мар

(польск. humor, ад лац. humor = вільгаць як адна з арганічных сіл, што паводле даўнейшых уяўленняў вызначае характар, тэмперамент чалавека)

1) дабрадушна-жартаўлівыя адносіны да чаго-н. (напр. пачуццё гумару);

2) прыём у творах літаратуры і мастацтва, заснаваны на паказе чаго-н. у смешным, камічным выглядзе.

гурма́н

(фр. gourmand)

аматар і знаток далікатных страў.

густ

(польск. gust, ад лац. gustus)

1) адчуванне і разуменне прыгожага (напр. мастацкі г., літаратурны г.);

2) манера, стыль (напр. гэта не ў маім гусце).