Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гравірава́ць

(ням. gravieren, ад фр. graver = вырэзваць)

рабіць малюнак або надпіс, выразаючы іх на цвёрдым матэрыяле (метале, дрэве, шкле і інш.).

гравіта́цыя

(фр. gravitation, ад лац. gravitas, -atis = цяжар)

фіз. сусветнае прыцяжэнне; уласцівасць узаемапрыцяжэння цел.

гравю́ра

(фр. gravure)

малюнак, выразаны на цвёрдым матэрыяле (метале, дрэве, шкле), а таксама адбітак такога малюнка на паперы.

града́цыя

(лац. gradation = паступовае павышэнне, узмацненне)

1) паслядоўнасць, паступовасць пераходу ад аднаго да другога, размеркаванне аднародных прадметаў, паняццяў па ступені якасці або па колькасці;

2) літ. стылістычная фігура, якая заключаецца ў размяшчэнні рада слоў у парадку нарастання або аслаблення іх сэнсавага або эмацыянальнага зместу.

гран

(лац. granum = зерне)

1) адзінка аптэкарскай вагі, роўная 0,062 грама;

2) перан. мізэрная велічыня.

грандыёзны

(іт. grandioso, ад лац. grandis = вялікі, важны)

1) велізарны, велічны (напр. г. палац, г-ае відовішча);

2) незвычайны па сваіх маштабах, размаху (напр. г-ае будаўніцтва, г-ыя задумы).

гранд-атэ́ль

(ад фр. grand = вялікі + hotel = атэль)

атэль, гасцініца вышэйшага разраду.

грант

(англ. grant = падарунак, ахвяраванне)

форма дадатковага фінансавання са спецыяльнага фонду для правядзення навуковых, даследчых і іншых работ у залежнасці ад іх актуальнасці ў выглядзе пэўных датацый, субсідый, стыпендый, якія вызначаюцца на конкурснай аснове.

гран-пры́

(фр. grand prix = літар. вялікі прыз)

самая высокая ўзнагарода на некаторых музычных конкурсах, кінафестывалях, выстаўках.

гратыфіка́цыя

(лац. gratificatio = паслуга)

грашовае ўзнагароджанне, заахвочванне; у гандлёвым абароце стымулюе выкананне агентамі, брокерамі пэўных дзеянняў або ўскладзеных на іх абавязкаў.