Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

радыка́льны

(с.-лац. radicalis = карэнны, ад лац. radix = корань)

1) які мае адносіны да радыкалізму 1 (напр. р-ая партыя, р-ыя перакананні);

2) перан. рашучы, карэнны (напр. р-ыя меры).

радыя́тар

(ням. Radiator, ад лац. radiare = выпраменьваць)

1) прыбор для ахаладжэння ў рухавіках унутранага згарання, у халадзільных устаноўках;

2) награвальны прыбор у сістэме ацяплення, па ўнутраных каналах якога цыркуліруе гарачая вада або пара.

радыя́цыя

(лац. radiatio = выпрамяненне)

1) выпрамяненне, што ідзе ад якога-н. цела (напр. сонечная р.);

2) радыеактыўнае выпрамяненне (напр доза радыяцыі).

радэ́о

(англ. rodeo, ад лац. rotare = круціць)

спаборніцтвы каўбояў у верхавой яздзе, накідванні ласо і інш.

раён

(фр. rayon, ад лац. radius = прамень)

1) частка тэрыторыі, цэласная ў якіх-н. адносінах (напр. жылы р., прамысловы р.);

2) месца, прастора, на якую распаўсюджваецца пэўнае дзеянне (напр. р. затаплення, р. баявых дзеянняў);

3) адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі, Расіі і некаторых іншых краінах (напр. Мінскі р., Навагрудскі р.).

разе́тка

(фр. rosette)

1) прыстасаванне з гнёздамі для ўключэння асвятляльных прыбораў у электрычную сетку;

2) сабраныя ў пучок стужка, тасьма, шнур, якія служаць упрыгожаннем;

3) элемент арнаменту ў выглядзе кветкі з аднолькавымі пялёсткамі (у мастацтве, архітэктуры);

4) маленькі сподачак для варэння, мёду і інш.;

5) група лістоў, якія скучана размешчаны на вертыкальным парастку.

раке́та

(ням. Rakete < іт. rochetta, ад rocca = верацяно)

1) снарад для асвятлення і сігналізацыі, які пасля выстралу ярка свеціцца ў паветры;

2) баявы снарад, які прыводзіцца ў рух рэактыўнай сілай;

3) касмічны лятальны апарат з рэактыўным рухавіком.

раке́тка

(фр. raquette, ад ар. raksat = далонь)

зацягнуты сеткай абруч авальнай формы з дзяржаннем або лапатачка з ручкай для гульні ў тэніс, бадмінтон, пінг-понг.

ракірава́цца

(фр. roquer, ад roc < перс. roch = ладдзя)

рабіць адначасова ход каралём і ладдзёй, калі караля пераносяць цераз адно поле ў бок ладдзі, а ладдзю пераносяць цераз караля і ставяць побач з ім (пры гульні ў шахматы).

ра́курс

(фр. raccourci = скарачэнне)

1) адлюстраванне фігуры або прадмета ў перспектыве з моцным скарачэннем аддаленых ад гледача частак (у жывапісе і графіцы);

2) пункт погляду на што-н., аспект (напр. падаць праблему ў розных ракурсах).