Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бро́нхі

(гр. bronchos = горла)

адгалінаванні дыхальнага горла ў лёгкіх.

бру́та

(іт. brutto = літар. грубы)

1) вага тавару разам з тарай (параўн. нета 1);

2) цана тавару, даход без выліку скідак, расходаў (параўн. нета 2).

брута́льны

(фр. brutal, ад лац. brutalis)

грубы, жорсткі (напр. б-ая выхадка).

брыга́да

(фр. brigade, ад іт. brigata = таварыства)

1) вайсковае злучэнне з некалькіх батальёнаў (дывізіёнаў) або палкоў;

2) тактычнае злучэнне з некалькіх аднатыпных ваенных караблёў;

3) асабовы склад, які абслугоўвае поезд;

4) група работнікаў, якая сумесна выконвае вытворчае заданне (напр. б. слесараў, будаўнічая б.).

бры́фінг

(англ. briefing = інструктаж, ад brief = кароткі, сціслы)

кароткая прэс-канферэнцыя, на якой паведамляецца пазіцыя ўрада па пэўным пытанні або даецца інфармацыя аб ходзе міжнародных перагавораў.

брэйк

(англ. break)

энергічны танец з элементамі пантамімы і акрабатыкі, які зарадзіўся ў 80-я гады XX ст. у негрыцянскіх кварталах гарадоў ЗША.

брэйк-да́нс

(англ. break-dance)

тое, што і брэйк.

брэйн-дрэ́йн

(англ. brain-drain, ад brain = мозг + drain = уцечка)

адток спецыялістаў, вучоных, інтэлектуалаў з краін, дзе адносна нізкі ўзровень жыцця, у краіны з больш высокім узроўнем.

брэйн-ры́нг

(англ. brain ring, ад brain = мозг + ring = арэна барацьбы)

тэлевізійная барацьба-спаборніцтва, пераможцам у якой становіцца чалавек або каманда, якія выяўляюць больш шырокую эрудыцыю і хуткасць рэакцыі ў адказах на пытанні вядучага.

бу́гі-ву́гі

(англ. boogie-woogie)

1) амерыканскі парны танец свабоднай кампазіцыі, які выконваецца ва ўмерана хуткім тэмпе;

2) стыль джазавай музыкі, у якім паўтараецца на фартэпіяна музычная фігура ў басавым ключы.