дырэ́кцыя
(лац. directio = напрамак)
кіроўны орган прадпрыемства, установы на чале з дырэктарам.
дысана́нс
(фр. dossonance, ад лац. dissonans = які па-рознаму гучыць)
1) муз. спалучэнне тонаў рэзкага, няўзгодненага гучання (проціл. кансананс);
2) перан. адсутнасць у чым-н. гармоніі, разлад, няўзгодненасць (напр. д. у працы).
дысацыя́цыя
(лац. dissociatio = раз’яднанне, раздзяленне)
1) хім. распад малекул на некалькі больш простых элементаў (атамы, радыкалы, іоны);
2) псіх. парушэнне звязнасці псіхічных працэсаў (проціл. асацыяцыя 3).
дысгармо́нія
(ад гр. dys = раз-, не- + harmonia = сувязь, сугучнасць)
1) парушэнне гармоніі, адсутнасць сугучнасці, немілагучнасць;
2) разлад, няўзгодненасць, парушэнне адпаведнасці чаго-н. чаму-н. (напр. д. колераў у пейзажы)
дысерта́нт
(лац. dissertans, -ntis = які разглядае, даследуе)
той, хто рыхтуе і публічна абараняе дысертацыю.
дысерта́цыя
(лац. dissertation = разважанне, даследаванне)
навуковая праца, якая публічна абараняецца аўтарам для атрымання вучонай ступені.
дысідэ́нт
(лац. dissidens, -ntis = нязгодны)
1) той, хто адступае ад пануючага ў краіне веравызнання; вераадступнік;
2) палітычны іншадумец.
дысіміля́цыя
(лац. dissimilatio)
1) біял. распад складаных арганічных рэчываў у працэсе жыццядзейнасці раслінных і жывёльных арганізмаў (проціл. асіміляцыя 1);
2) лінгв. распадабненне гукаў пры вымаўленні (проціл. асіміляцыя 3).
дыск
(фр. disque, ад гр. diskos)
1) плоскі круглы прадмет, напр. дэталь якой-н. машыны, апарата або спартыўны снарад;
2) бачны з Зямлі абрыс Сонца, Месяца;
3) магазін ручнога кулямёта, аўтамата;
4) грамафонная пласцінка;
5) інф. носьбіт інфармацыі ў камп’ютэры (гл. вінчэстэр, дыскета).
ды́ска
(англ. disco)
музычны стыль з дакладным рытмам (пераважна танцавальна-песеннага характару).