Сэ́ндзіць ’абгаворваць, пляткарыць’ (Барад.), ’займацца балбатнёй, плявузгаць’ (Юрч. Вытв.), вытворны наз. сэ́нда ’чалавек, які заўсёды гаворыць многа небыліц’ (глус., Янк. Мат.). Запазычана са старога польск. sędzić, сучаснае sądzić ’меркаваць, думаць, сцвярджаць; выносіць прысуд; крытыкаваць’, сюды ж больш новае запазычанне сэ́ндзя ’суддзя’, ’хто можа крытычна разважаць, быць сведкам’, ’хто абгаворвае, перасуджвае’ (Сл. ПЗБ), з польск. sędzia ’суддзя’.
Сэнс ’унутраны лагічны змест, значэнне’, ’разумная аснова, прызначэнне, мэта’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Шат., Касп., Гарэц.), ’розум, толк, лад’ (Нас.): людзі кажуць сэнс (Сержп.). Праз польск. sens з лац. sēnsus ’сэнс’, sentiō ’адчуваю’ (Кюнэ, Poln., 96 з літ-рай). Ст.-бел. сенсъ з 1592 г. са ст.-польск. sens (Булыка, Лекс. запазыч., 132). Аб рус. сенс < польск. sens гл. Фасмер, 3, 601.