Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пляба́н ’рымска-каталіцкі пробашч’, пляба́нія, пляба́ня ’парафія, пасада плябана’, ’дом, які належыць парафіі і ў якім жыве ксёндз’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Янк. БП, Нас.; Сцяшк. МГ). Ст.-бел. плебань ’каталіцкі прыхадскі свяшчэннік’ (з 1489 г.), плебания, плебанея ’прыход ксяндза’ (1528 г.) са ст.-польск. pleban, plebanija ’тс’, якія з с.-лац. plēbānus, plēbānia < plēbs ’парафія, крыніца даходаў, сукупнасць парафіян, якія плацілі дзесяціну за імшу, хрост, шлюб і да т. п.’

Плява́1, пле́ўка, пле́вачка, плі́вка ’вельмі тонкая скурка ў жывёльным або раслінным арганізме’ (ТСБМ, Нас., Шат.), ’тонкая плеўка на вадкасці’ (Нас.; сміл., Стан.), ’перапонка’ (Нас., Шат.), ’дыяфрагма’ (гродз., Мат. АС; воран., дзятл., Сцяшк. МГ; добр., Мат. Гом.; в.-дзв., Шатал.; Сл. Брэс.; ЛА, 1), плівусьці́нычка ’тоненькая плёнка’ (Бяльк.); пляву́цінка ’плеўка (пра лёд)’ (карэліц., Нар. лекс.); укр. пліва́, рус. плева́, славін. plìeva ’празрыстая абалонка вока’, палаб. plevo ’павека’, славен. plẹ́va ’тс’. Прасл. *plěva, роднаснае літ. plėvė̃ ’плёнка, скурка’, лат. plêve ’тс’, лац. palea ’чырвоная скура ў пеўня пад дзюбай’, ст.-грэч. ἐπίπλοος ’сальнік’ (Фасмер, 3, 277). Сюды ж пля́вачкі ’пласткі, геркулес’ (шальч., Сл. ПЗБ). Гл. таксама пле́ва.

Плява́2 ’пшанічная і аўсяная мякіна’, пле́вы ’парожнія каласы ў стаячым на полі збожжы’ (Нас.). З польск. plewa ’мякіна’ < прасл. (зах.) *pelva = (усх.)/*polva > бел. пало́ва (гл.). Паводле Фідроўскай, (Зб. Багародзіцкаму, 145), запазычана са ст.-слав. плѣва ’тс’.

Плява́ць ’выдаляць з рота сліну, макроту і пад.’ (ТСБМ). Да плю́ваць (гл.), якое (з прасл. *pju‑va‑ti) з’яўляецца ітэратыўным ад *pjъv‑a‑ti > ст.-слав. пльвати, ст.-чэш. pľvati, польск. plwać, рус. плевать. Мяккае лʼ у гэтых формах не эпентэтычнае, а з’явілася паводле аналогіі з *blьvati > бляваць (гл.) (Махэк₂, 461; Фасмер, 3, 291; Банькоўскі, 2, 613) ці мае гукапераймальны характар (Брукнер, 419; Фасмер, 3, 291). Сюды ж: плёвалка ’плявальніца’ (Шат.) і, магчыма, плёваць ’біцца (пра сэрца)’ (брагін., Мат. Гом.).

Пля́віца ’п’яўка’ (бераст., Сцяшк. Сл.; пін., бераст., ЛА, 1). Да п’яўка (гл.). Аб мене лʼ > й гл. Карскі, 1, 322.

Пляву́жыць (плеву́жыць) ’моцна ліць (аб дажджы)’ (ТС), пляву́жыты ’ісці — аб праліўным дажджы і мокрым снезе’ (Клім.), У выніку кантамінацыі лексем ⁺злева, залева ’лівень’ і пля́га, пля́жыць (гл.). Магчыма, тут крыюцца больш старажытныя генетычныя сувязі, параўн. літ. pliaũpti ’ісці (аб моцным дажджы)’.

Пляву́зґаць, плеву́зкаць, пляву́зкаць, блеву́зкаць, пляву́скаць, пляву́рзґьць ’гаварыць лішняе, пустое, без толку; гаварыць аб адным і тым жа; малоць языком; разводзіць плёткі’ (ТСБМ, Мядзв., Янк. 2, Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС, міёр., Нар. лекс.; ельск., Жыв. НС; карэліц., Шатал.; бялын., Янк. Мат.), ’гаварыць нейкую брыду’ (Варл.), бляву́згаць ’блюзнерыць’ (Стан.), пляву́здаць: плявуздае німа ведае што! (= “гаворыць ерунду”) (Воўк-Лев., Татарк., 182), пляву́згало ’хто шмат гаворыць’ (слонім., Сл. рэг. лекс.), пляву́рзґьла ’той, хто гаворыць не да месца’ (міёр., З нар. сл.). Балтызм. Параўн. літ. blevỹzgoti ’брыдкасловіць’; або pliáuza ’балбатун’, pliaũzaroti ’балбатаць’ (Саўка, Запісы 23, 55).

Пляву́рына ’цвёрдае, акасцянеўшае мяса’ (Варл.). Да плява (гл.), суф. ‑ур‑ын‑а мае дэпрэсіўнае адценне.

Пляву́ха ’поўха’ (Нас., Бяльк.), пляву́шыць ’біць у вуха’ (Юрч. Вытв.), пляву́шыньня ’біццё ў вуха’, пляву́шынынік ’той, хто пагражае ўдарыць у вуха’ (Юрч. СНЛ). Да апляву́ха (гл.). Параўн. таксама плю́ха1 (гл.).

Пля́га1, пля́ґа ’слота’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ; гродз., пруж., ЛА, 2), плягота ’тс’ (ЛА, 2), ’мокры снег’ (гродз., З нар. сл.). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 4, 22), — з літ. pliaugà ’слата’. Аднак не выключана таксама запазычанне з польск. flaga ’слота, непагадзь’, ці з дыял. plaga ’хлюпота, слата’, якое Банькоўскі (2, 596) выводзіць з рэгіянальнага паўн.-ням. flage ’тс’. Сюды ж: кантамінаваныя сінонімы — плехота, плюхота ’слата’ (ЛА, 2), а таксама пля́жыць, пля́жыты, пле́жытэ ’ліць як з вядра, ісці няспынна’ (воран., Сл. ПЗБ; кобр., стол., драг., Сл. Брэс.).

Пляга2 ’ўдар розгай’ (Нас.), ’кара, пакаранне’ (Нас.; Шат.; барыс., Шн. 2). Сярэднявечнае школьна-кляштарнае запазычанне ў польск. мову з лац. plāga ’ўдар, выцятае месца’ < plāgo, ‑āre ’біць, хвастаць, лупцаваць’ (ці з plangere ’ўдарыць з трэскам’), запазычаных са ст.-грэч. дар. πλᾱγά, іяніч. πληγή ’удар’, ’рана ад удару’, ’няшчасце, якое пасылаецца лёсам’ (Банькоўскі, 2, 596), з польск. мовы пранікла на Беларусь. Сюды ж: пля́жыць, спля́жыць ’вынішчыць’, ’збіць, пабіць’, ’затаптаць’, ’секчы з размаху, моцна біць, глуміць’ (ТСБМ, Шат., Нас.; сміл., Стан.), ’разбіваць’ (рагач., Сл. ПЗБ), ’палоць’ (акц., Мат. Гом.), ’працаваць многа, напружана’ (Нар. Гом.), а таксама пля́жма: “Я пля́жма ворага крышу…” (Хадыка).

Пляга3 ’няшчасце, бяда’ (воран., ашм., іўеў., пін., Сл. ПЗБ; Бір.), ’зараза, навала’ (пін., Нар. лекс.), пляга яго ведае! = ліха яго ведае (чырв., З нар. сл.). Ст.-бел. плякга, плакга, пляга, флякга ’няшчасце; навала’ са ст.-польск. plaga ’тс’, якое з лац. plāga ’пакуты, няшчасце’, ’бедства’. Гл. таксама папярэдняе слова.

Пля́га4 ’рана ў мазалях’ (Чуд.). Са ст.-польск. plaga ’рана’, не выключана развіццё семантыкі з пляга2 (гл.): параўн. макед. дыял. пля́га ’рана’, што выводзіцца з алб. plágë ці рум. plágă ’тс’ (< лац. plaga), гл. БЕР, 5, 387.

Пля́га5, пляґа ’слізь пры адхаркванні, макрота’ (слонім., Нар. лекс.: зэльв., Сцяшк. Сл.; карэліц., іўеў., Сл. ПЗБ), пля́га/сма́га ’слізкае рэчыва ў роце хворага’ (Варл.). Са ст.-грэч. φλήγμα ’слізь, макрота’, якое пад уплывам лексемы пляга ’макрэча’, ’бяда, няшчасце’ набыло адпаведную форму.

Пля́га6 ’бутля, балон’ (Мік., Др.-Падб.), ’бляшанка для адстойвання малака (у калодзежы)’ (лях., Сл. ПЗБ), сюды ж пля́жка, пляшка ’бутэлька’ (ТС), ’салдацкая біклага’ (барыс., круп., бярэз., любан., бабр., ЛА, 5). Ст.-бел. пляша, фляша, хвляша ’бутэлька, пляшка’ (1538 г.) запазычаны са ст.-польск. flasza, якое з с.-в.-ням. vlasche (Булыка, Лекс. запазыч., 102) < flechten ’плясці’ — першапачаткова бутэлькі спляталіся з лыка, пазней для шчыльнасці вымазваліся глінай і абпальваліся ў печы, параўн. славен. pleténka ’аплеценая бутэлька’. Форма пляга, відаць, — з пля́жка (шляхам рэдэрывацыі), а апошняе — з фляшка (Брукнер, 123; Праабражэнскі, 2, 78; Фасмер, 4, 200).

Пляж ’бераг мора, возера, ракі, на якім загараюць і адпачываюць у час купальнага сезону’ (ТСБМ; ваўк., Сцяшк. МГ). Праз рус. мову з франц. plage ’тс’, ’узмор’е’, якое, як і італ. piaggia ’узбярэжжа’, узыходзяць да італ.-лац. plagia < лац. plaga ’вобласць, пояс, зона’ (Фасмер, 3, 291; Банькоўскі, 2, 600).