П’я́ўка 1 ’прэснаводны чарвяк, Hirudo medicinalis; sanguisuga’ (ТСБМ, Бяльк., Ласт., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), пья́ўка ’тс’ (Дразд., Бес.), пля́ўка ’тс’ (ЛА, 1); укр. пʼя́вка, пля́вка ’тс’, рус. пья́вка, пия́вка ’тс’; параўн. польск. pijawka ’тс’, чэш. pijavka ’тс’, славен. pijávka. Прасл. *pьjavka звязана з *pьjati, ітэратыў ад *piti ’піць’ (гл. піць), паралельнае ўтварэнне да *pьjavica: пʼя́віца, пʼя́выца (ЛА, 1; Дразд.), сюды ж пʼя́вычнык ’рачныя ракавіны, чаропкі’ (Дразд.), укр. пʼя́віца, рус. пия́вица, польск. pijawica, палаб. pagaweicia, в.-луж. pijelca, чэш. pijavice, славац. pijavica, серб.-харв. пѝјавица, славен. pijávica, балг. пия́вица, макед. пијавица (Фасмер, 3, 271; ЕСУМ, 4, 649; Шустар-Шэўц, 2, 1062; БЕР, 5, 284; Бязлай, 3, 34). Паводле Німчука (Давньорус., 229), формы з суфіксам ‑к‑a з’яўляюцца пазнейшай інавацыяй на ўсходнеславянскай глебе, што цяжка давесці. Гл. таксама пʼеўга́, п’е́ўка.
П’я́ўка 2 ’скаба’: пʼяўкамі прысцегваюць сцены (ТС). Няясна; магчыма, да пʼяць ’напінаць, сцягваць’ (ТС), гл. пяць 2.