Плю́ха 1 ’аплявуха’ (Нас., Др.-Падб., Яруш., Бяльк.). Скарочанае ад апляву́ха, пляву́ха (гл.) < плява́ць, варыянт плюва́ць (на рукі перад тым, як біць) пры ад’ідэацыі гукапераймання плюх! — гук пры пляванні (Шат.), параўн. плю́хаць ’пляваць’ (Шат.; швянч., Сл. ПЗБ; Растарг.) і плю́хнуць ’даць аплявуху’, выраз плю́ху падняў ’упаў азадкам’ (Нас.); плюх! — ’удар ад падзення мяккай часткай цела’ (Стан.). Рус. плю́ха ’аплявуха’ (ад плю́хнуть) Фасмер (3, 290) параўноўвае з лат. pļaũka ’тс’ (ад pļaut ’касіць, біць’). Гл. плю́хаць 1.
Плю́ха 2 ’аер, Acorus calamus L.’, ’касач, Iris L.’ (ТС; ЛА, 1). Магчыма, адваротны дэрыват ад плюшня, плюшнік, плюснік (гл.).
Плю́ха 3 ’лёгкі малакаларыйны торф з мноствам пустацелых травяністых каранёў’ (слуц., Нар. словатв.). Да плю́ха 2. Параўн. літ. plaušà ’асака’ і ’асаковы торф’ і pliūšė̃ ’трыснёг’.
Плю́ха 4 ’грыб каўпак ігольчасты, падбалацянка’ (пін., Жыв. сл.), плю́хі ’салянкі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з светла-шэрай шапкай, якія растуць вялікімі зросткамі’ (карэліц., Нар. словатв.), ’від асенніх грыбоў’ (слонім., Жыв. НС), плю́ха, плюхі ’шампіньёны’ (Жд. 3), параўн. рус. маск. плю́ха ’шаруха, Lactarius flexuosus’. Апошняе слова Гаўлава (Etym. Brun., 1, 22) звязвае з пліскі ’лісічкі’ (гл.), што ў сваю чаргу ідэнтыфікуецца з *plʼuska ’скурка, лупінка’, бо шапачкі грыбоў маюць лускавінкі.
Плю́ха 5 ’неахайная жанчына’ (пін., ЖНС), параўн. польск. plucha ’плюгавец’ — экспрэснае сцягненне замест plugawiec ’тс’ (Банькоўскі, 2, 611). Хутчэй за ўсё, самастойнае ўтварэнне ад плю́хаць ’боўтацца ў гразі’ (гл.).