Плю́хаць1 ’падаць з шумам’ (ТСБМ), плю́хнуць ’упасці ў ваду’ (Бяльк.), плю́хацца ’падаць, шлёпацца ў ваду, гразь з пляскам’, ’перамяшчацца, рухацца ў вадзе, балоце’ (ТСБМ), плю́хаць ’удараючы па вадзе, рабіць плёскат, пляск’ (Шат.), хоць апошняе можа ўзыходзіць і да плёхаць (гл.). Побач з гэтым у плю́хаць, плю́хацца развіваецца значэнне ’плёскацца’, ’боўтацца па гразі’ (Шат.), ’пералівацца праз край’, ’ударацца аб што-н.’, ’купацца, мыцца, распырскваючы ваду’ (ТСБМ); адпаведна плю́х! — пра выліванне: нясуць, а іш шайкі плюх, плюх на мост (мсцісл., Нар. лекс.), альбо плюх (параўн.: плюх вады яму ў вочы!) замяняе плюсь ’тс’ (Бяльк.). Сюды ж: плю́хнуць ’упасці ў ваду’ (Бяльк.) ’ударыць’ (Жд. 1), ’лінуць’ (смарг., ваўк., Сл. ПЗБ), параўн. укр. плю́хати, плю́хнути ’плёскаць; падаць з шумам’, рус. плю́хать, плю́хнуть, польск. pluchać ’тс’, балг. плю́(х)вам, плю́хна ’даваць аплявуху; упасці на зямлю’. Да прасл. *plʼux‑ati < *plʼusk‑a‑ti, гл. плю́скаць.

Плю́хаць2 ’хлюпаць’, ’ісці (аб працяглым дажджы)’, плюхце́ць ’тс’ (ТСБМ), плюхчэць ’падаць вялікімі кроплямі’ (Нас.). Да прасл. *plʼux‑t‑ě‑ti, якое з і.-е. *pleu̯‑sk‑ ’імжэць, імгліць’. Гл. папярэдняе слова; да словаўтварэння параўн. ды́хаць/дыхце́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)