Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скраві́ны ‘тое, што застаецца пры веянні і ачыстцы збожжа’ (…скравины и мекина) (Анім. дад.). Гл. папярэдняе слова. Утварэнне, відаць, ужо на беларускай глебе, таму што польскае з гэтым суфіксам не адзначаецца. Магчыма, ад *скраіны ‘тое, што падае з краю’, гл. край1.

Скра́га (skraha) ‘скнара, скупы багацей’ (ТС, Пятк. 2), скрагна́, скрэгна́ ‘тс’ (ТС), сюды ж, магчыма, і скразе́нь ‘тс’ (віл., Сл. ПЗБ). Параўн. укр скря́га ‘тс’ (з рус., гл. ЕСУМ, 5, 289), рус. скря́га, скры́га ‘тс’. Не мае надзейнай этымалогіі. Найбольш верагодным здаецца збліжэнне з балг. скръ́ндза ‘тс’, скре́жав ‘скупы’, паколькі ўсе гэтыя формы ўзводзяцца да і.-е. *(s)kreng‑, *(s)krengh‑ — назалізаванай асновы, вытворнай ад кораня і.-е. *(s)ker‑ ‘моршчыць, моршчыцца’, што дае значэнне ‘сціснуты, сагнуты’, параўн. балг. сти́снат ‘скупы’ (Бярнар, RÉS, 40, 31). Варбат (Этимология–1970, 70 і наст.) дадае сюды формы, вытворныя ад асновы *kręg‑ ‘сагнутае’, напрыклад, укр. кре́жити ‘берагчы, скупіцца’, якому адпавядае балг. кръ́ндза ‘скнара’ без рухомага s‑; семантычныя паралелі — жмінда (гл.), рус. жмот, прижи́мистый ‘скнара, скупы’. Палескія формы скрагна, скрэгна можна было б, відаць, разглядаць як больш архаічныя, якія ў метатэзаваным выглядзе захавалі зыходнае спалучэнне ‑ng‑, аднак гэта малаверагодна. Запісаны на Тураўшчыне выраз скрэгна́ скрэгні́ць, г. зн. ‘ные, стогне’, скіроўвае пошукі ў бок гукапераймальнай асновы, параўн. скрыгаць, скрогаць, скрэгаць (гл.). Параўн. Фасмер, 3, 659–660 (з аглядам ранейшых версій); ЕСУМ, 5, 289. Гл. таксама скрэнда.

Скрагакі́ ‘скураныя боты без падэшвы’ (віл., Нар. сл.). Да скро́гаць, скрагыта́ць (гл. скрэгаць). У семантычных адносінах параўн. скрабакі (гл.).

Скрадзі́, скрядзі́ ‘кавалак мяса жывёліны, якое сапсавалі пры забоі’ (воран., LKK, 16, 189). З літ. skerdžiaĩ ‘тс’ < sker̃sti ‘рэзаць, заколваць’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 72).

Скра́дка ‘схованка’ (Мат. Гом.). Вытворнае ад скрада́ць ‘красці’, скрада́цца ‘падкрадацца’ (Ласт.), гл. крадком, красці.

Скра́жка ‘створка ракавіны малюска’, ‘малюск’ (Ян.). Укр. палеск. скра́жка, скра́шка ‘тс’. Цьмянае слова; магчыма, ад гукапераймальнага скро́гаць (гл. скрэгаць) з суф. ‑j‑ і ‑k(a) і падаўжэннем галоснага ў назоўніку, з мяркуемым значэннем ‘тое, што скрэгае, храбусціць’. Магчыма, старажытнае ўтварэнне.

Скразня́к ‘скразны вецер’ (ТСБМ). Да скразны́ < скрозь з суф. ‑ак. Сюды ж скрасе́нны ‘нідзе не сточаны, суцэльны’ (Варл.) з аглушэннем ‑з‑ у інтэрвакальным становішчы, відаць, пад уплывам маўленчай формы скрось.

Скрайзо́ліць ‘скрэсліць’ (стаўб., Жд. 2). Да крэйзаць (гл.); да словаўтварэння параўн. грымзо́ліць, гл. грымзолі.

Скра́йчык, скраёк ‘гарбушка, першы або апошні кусок хлеба ад бохана’ (Вешт., Сл. Брэс.), скра́йка ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ). Да край з суф. ‑чык, ‑ок, ‑к. Параўн. акрайчык.

Скрак ‘худая запушчаная жывёліна’ (гродз., ЖНС), ‘худы занядбаны чалавек’ (бяроз., Ск. нар. мовы). Няясна. Магчыма, суадносіцца з храк (гл.).